Германія адмовіла ў абароне ўдзельніцы пратэстаў і яе сямʼі — там лічаць, што дома беларусам нічога не пагражае
Гамяльчанцы Аксане Ліхадзіеўскай, яе мужу і дваім дзецям адмовілі ва ўсіх відах абароны ў Германіі, распавядае Deutsche Welle. Ім не паверылі, што такі пераслед наогул магчымы. А таксама нямецкія чыноўнікі лічаць, што беларусам на радзіме нічога не пагражае, бо ўсе яны здолелі зʼехаць з краіны.
17.01.2024 / 12:29
Аксана едзе з Беларусі ў Польшчу. Скрын відэа
У 2020 годзе беларуска хадзіла на пратэсты і арганізоўвала пікеты, яе неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі і звольнілі з працы за палітычную актыўнасць. Разам з сяброўкай яна прыдумала знакамітую ляльку «Беларускі ждун», падобную на Аляксандра Лукашэнку.
Дадому ў Ліхадзіеўскіх з ператрусам прыйшоў аддзел па барацьбе з наркотыкамі. У сямʼі канфіскавалі тэхніку, на наступны дзень Аксану адвезлі на допыт.
У канцы снежня гамяльчанка зʼехала з дзецьмі Польшчу. Там яна папрасіла абароны, але польскія ўлады адправілі падаваць дакументы ў Германію, бо ў ЕС яна заехала па нямецкай візе. Сямʼя паўгода жыла ў лагерах для бежанцаў.
Рашэнне па абароне Ліхадзіеўскія атрымалі ў лістападзе 2023, ім адмовілі ва ўсіх відах абароны.
«Незразумела, чаму супрацоўнікі міліцыі, АМАП і аддзела па барацьбе з наркотыкамі прыйшлі да заяўніка дадому», — не паверылі ў гісторыю з ператрусам нямецкія чыноўнікі.
Нямецкія ўлады лічаць, што ў Беларусі Ліхадзіеўскім нічога не пагражае. Аксана з сямʼёй мусілі пакінуць Германію, але яны падалі апеляцыю на рашэнне. Цяпер у іх — чарговы «ждун».