Мігрантка з Эфіопіі цяжарнай ляцела ў Еўрасаюз, а нарадзіла ў Магілёве

Перажытыя цяжкасці дарогі прывялі да таго, што ў эфіопкі пачаліся заўчасныя роды.

17.01.2024 / 19:46

Мігрантка з Эфіопіі, якая нарадзіла ў Магілёве. Фота: скрын відэа з сацыяльных сетках

Грамадзянка Эфіопіі трапіла ў Беларусь з групай суайчыннікаў. Дабрацца да Еўрасаюза ім не ўдалося.

Цяжарную іншаземку пасялілі ў Слаўгарадскім пункце часовага перабывання эмігрантаў.

Слаўгарад знаходзіцца за 70 кіламетраў ад Магілёва і праз яго праходзіць шаша з Расіі.

З глыбінкі Магілёўшчыны жанчыну, якая не мае і дваццаці гадоў, прывезлі ў Магілёўскую бальніцу №1. Тутэйшая радзільня выходжвае неданошаных дзяцей. Адтуль маці з дачкой перавялі ў абласную лякарню.

17 студзеня абедзвюх пацыентак бальніцы выпісалі. Мігрантка назвала дачку Івай.

Як паведамілі магілёўскія паблікі, маці з дзіця забіраў з бальніцы Чырвоны Крыж «ва ўрачыстай абстаноўцы».

У Слаўгарадзе ёй выдзелілі асобны пакой у інтэрнаце, які вызначаны пад месца часовага пражывання эмігрантаў.

Эфіопка забяспечаная ўсім неабходным і надалей яе будзе патранаваць раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа, сказаў кіраўнік абласной арганізацыі таварыства Андрэй Мартыноўскі.

***

Гісторыя з эфіопкай адбываецца на фоне міжнароднага скандалу, выкліканага датычнасцю беларускага Чырвонага Крыжа да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь, а таксама наведваннем кіраўніком арганізацыі Дзмітрыем Шаўцовым Данбасу. Там на яго адзенні быў сімвал расійскай агрэсіі — лацінская літара Z.

Міжнародны Чырвоны Крыж запатрабаваў звольніць Шаўцова, а калі тое не было зроблена, прыпыніў сяброўства і фінансаванне беларускага таварыства. У адказ беларускі Чырвоны Крыж заявіў аб прыпыненні грашовай падтрымкі бежанцам і мігрантам, патлумачыўшы гэта спыненнем супрацоўніцтва з партнёрамі.

Глядзіце таксама:

«Чырвоны Крыж у Беларусі — гэта ніякі не нейтралітэт». Былыя валанцёры арганізацыі расказалі, як сітуацыя ў ёй выглядае знутры

Міжнародны Чырвоны Крыж адхрысціўся ад паездак Шаўцова на Данбас

«А мы гэта канкрэтна можам зрабіць» — Шаўцоў з Чырвонага Крыжа пра ядзерную зброю

На межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй загінулі тры мігранты

У Дзмітрыя Лукашэнкі выявілася незвычайная пасада

Васіль Вашчыла