Мінскі офіс гіганта тэлемедыцыны цалкам перавезлі ў Варшаву
Амерыканская Teladoc Health скараціла частку каманды ў ЗША і іншых лакацыях. Пад звальненне трапілі і беларускія спецыялісты, якія летась пераехалі ў польскі офіс Teladoc Health.
18.01.2024 / 11:16
Паводле інфармацыі devby, пад скарачэнне трапілі каля 100 чалавек у ЗША і яшчэ каля 50 у іншых лакацыях, у Польшчы таксама.
«Звальнялі выпадковым чынам, у тым ліку і некаторых беларусаў, якія летась пераехалі ў офіс у Варшаве. Звальненняў кампанія ніяк не каментавала, але, мабыць, гэта было звязана з аптымізацыяй выдаткаў», — распавяла devby крыніца ў кампаніі.
У студзені 2023 у Teladoc Health таксама прайшла хваля скарачэнняў. Выканаўчы дырэктар Джэйсан Гарэвіч у лісце супрацоўнікам тады патлумачыў, што гэта звязана з неабходнасцю паменшыць выдаткі. Працы пазбавіліся каля 300 чалавек. У той раз звальненні не закранулі тады яшчэ мінскі офіс, які на той момант працаваў, распавяла крыніца.
— У Польшчы невялікі офіс, на пачатак года ў штаце налічвалася блізу 50 супрацоўнікаў. Скарачэнні закранулі каля 10% спецыялістаў, усе з Беларусі. Звальнялі адным званком (па амерыканскім сцэнары), з некаторымі нават не звязваліся, проста закрылі доступ, — распавядае экс-супрацоўнік.
Па словах суразмоўцаў, усім, якія трапілі пад скарачэнне, прапанавалі звольніцца па пагадненні бакоў. Калі супрацоўнік адмаўляўся ад прапанаваных умоў, яго звальнялі па скарачэнні штата.
— Другі варыянт лепш, бо нейкі час ты працягваеш лічыцца супрацоўнікам кампаніі, а ў гэты час можна шукаць новую працу. З пункту гледжання польскага права ты яшчэ працуеш, што вельмі дарэчы, калі, напрыклад, атрымліваеш ДНЖ або іншыя неабходныя дакументы, — адзначыў адзін з суразмоўцаў.
Teladoc Health — адна з найбуйнейшых у свеце кампаній у галіне тэлемедыцыны і паслуг дыстанцыйнай аховы здароўя. Глабальны штат налічвае больш за 4,5 тысяч супрацоўнікаў. У мінскім офісе на піку працавала 60 супрацоўнікаў.
Першапачаткова беларускі офіс належаў іншай кампаніі — падраздзяленню InTouch Health — распрацоўніку ІТ-рашэнняў для бальніц і сістэм аховы здароўя. Але ў студзені 2020 года кампанію за 600 млн даляраў купіла Teladoc Health (угоду закрылі ў ліпені). Улетку таго ж года Teladoc Health купіла свайго канкурэнта Livongo за 18,5 мільярда даляраў. Livongo спецыялізуецца на распрацоўцы анлайн-сэрвісаў для пацыентаў з хранічнымі захворваннямі.
У Беларусі ў Teladoc Health было юрыдычная асоба ТАА «Айціэйч Дэвелапмент». Кампанія была зарэгістраваная ў сакавіку 2019 года, а восенню 2020 года стала рэзідэнтам ПВТ. Мінскі офіс займаўся распрацоўкай і ўдасканаленнем платформы SOLO-рашэнні ў сферы тэлемедыцыны.
Як распавялі devby экс-супрацоўнікі Teladoc Health, пасля падзей 2020 года частка каманды з'ехала з краіны і працягвала працаваць дыстанцыйна з іншых лакацый. Улетку 2021 года Teladoc Health зарэгістравала кампанію ў Польшчы — TDH Development.
У 2022 годзе пасля пачатку вайны ва Украіне частка супрацоўнікаў з'ехала ў іншыя лакацыі, у прыватнасці, у Грузію і Польшчу. Кампанія фінансава дапамагала з пераездам.
А ўжо летам мінулага года прапанавала пераехаць у Польшчу ўсім супрацоўнікам мінскай каманды. На той момант у мінскім офісе працавала каля 40 чалавек. Частка супрацоўнікаў ад пераезду адмовілася.
— Быў выбар — застацца ў Беларусі і знайсці працу або кідаць усё тут і ехаць у Польшчу. І многія вырашылі застацца, — распавёў адзін з экс-супрацоўнікаў кампаніі.
Усім, хто пагадзіўся на пераезд, кампанія выплаціла аднаразовую фінансавую дапамогу 2500 даляраў і дапамагла з візамі. Таксама супрацоўнікам перагледзелі заробак, каб кампенсаваць рост падаткаў у Польшчы.
З канца ліпеня 2023 года юрыдычная асоба Teladoc Health у Беларусі знаходзіцца ў ліквідацыі.
***
Teladoc Health — транснацыянальная кампанія, спецыялізуецца на тэлемедыцыне і віртуальнай ахове здароўя, заснавана ў ЗША.
Асноўным прадуктам з'яўляюцца паслугі дыстанцыйнай аховы здароўя, медыцынскія заключэнні, аналітыка, а таксама паслугі ліцэнзаванай платформы. У прыватнасці, Teladoc Health выкарыстоўвае праграмнае забеспячэнне для тэлефонных і відэаканферэнцый, а таксама мабільныя дадаткі для прадастаўлення дыстанцыйнай медыцынскай дапамогі. Акцыі Teladoc Health каціруюцца на біржы.