Дэмаграфічная катастрофа. Узровень нараджальнасці ў Беларусі апусціўся ніжэй за ваенныя часы

У апошнія гады дэмаграфічная статыстыка стала ў Беларусі адной з закрытых тэм. Спачатку хавалі звесткі пра памерлых ад каранавірусу, пасля не хацелі паказваць колькасць тых, хто выехаў з Беларусі ад рэпрэсій. Цяпер сітуацыя па ўсіх франтах выглядае такой катастрафічнай, што даводзіцца хаваць абсалютна ўсё.

21.01.2024 / 16:13

Актуальныя лічбы нараджальнасці (як і смяротнасці) па ўсёй краіне цэнтралізавана не публікуюцца з 2020 года. Застаецца пільнаваць адвольныя выступы чыноўнікаў на прэс-канферэнцыях ці выхопліваць асобныя рэгіянальныя лічбы і экстрапаліраваць іх на ўсю краіну. «Наша Ніва» знайшла інфармацыю пра нараджальнасць у 2023 годзе ў трох вялікіх гарадах і ў 13 раёнах Беларусі. Апроч таго, былі апублікаваныя звесткі агулам па Мінскай вобласці — а гэта яшчэ 22 раёны. Такім чынам, у нас ёсць дакладная інфармацыя пра колькасць народжаных дзяцей прыблізна ў сарака раёнах, дзе пражывае 30% жыхароў Беларусі.

Мінск, фота Getty Images

колькасць народжаных колькасць насельніцтва каэфіцыент нараджальнасці
2013 2019 2023 01.2013 01.2019 01.2023 2013 2019 2023
Брэст 4585 3655 3350 326428 350616 342461 14,05 10,42 9,78
Кармянскі раён 238 203 123 14440 13056 13325 16,48 15,55 9,23
Кобрынскі раён 1205 941 752 86270 84625 82198 13,97 11,12 9,15
Жыткавіцкі раён 546 404 297 38345 34916 33199 14,24 11,57 8,95
Хойніцкі раён 502 275 167 20752 18798 18695 24,19 14,63 8,93
Слаўгарадскі раён 205 164 103 13976 12651 12393 14,67 12,96 8,31
Чэрыкаўскі раён 202 148 103 14229 12960 12566 14,2 11,42 8,2
Ашмянскі раён 434 341 241 31653 30613 29451 13,71 11,14 8,18
Магілёў 4393 3274 2701 366839 383313 353338 11,98 8,54 7,64
Ганцавіцкі раён 320 269 187 29342 26954 24774 10,91 9,98 7,55
Баранавічы 2113 1676 1290 170685 179000 172150 12,38 9,36 7,49
Светлагорскі раён 1061 789 517 87004 82243 76793 12,19 9,59 6,73
Добрушскі раён 502 351 230 38094 35531 35087 13,18 9,88 6,56
Мінская вобласць 18629 14355 9442 1401861 1428530 1462021 13,29 10,05 6,46
Іўеўскі раён 310 194 119 26025 22458 20107 11,91 8,64 5,92
Шчучынскі раён 446 335 191 43540 38496 32746 10,24 8,7 5,83
Мастоўскі раён 329 235 115 30522 27735 25738 10,78 8,47 4,47
Мсціслаўскі раён 253 178 81 23192 20400 18671 10,91 8,73 4,34
Камянецкі раён 463 378 129 37020 34388 31476 12,51 10,99 4,1
агулам 36736 28165 20138 2800217 2837283 2797189 13,12 9,93 7,20

На гэтых тэрыторыях сярэдні каэфіцыент нараджальнасці складаў 7,2 дзяцей на 1000 жыхароў. Давайце параўнаем з тым, што было дзесяць гадоў таму, а таксама з 2019 годам — апошнім «спакойным» годам, да каранавірусу і пачатку масавых рэпрэсій.

Каэфіцыент нараджальнасці ў пералічаных рэгіёнах

З улікам таго, што ў рэгіёнах, якія трапілі ў наш аналіз, нараджальнасць традыцыйна трохі большая за сярэднюю па краіне, можна меркаваць, што насамрэч каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі ў 2023 годзе склаў каля 6,7-6,8.

За дзесяцігоддзе нараджальнасць спікіравала ўдвая.

Дзеці, народжаныя на Дзень Незалежнасці 

Калі няма адэкватнай поўнай статыстыкі, даводзіцца чапляцца хоць за якія лічбы. Дзяржаўныя СМІ часта хваляцца колькасцю дзяцей, народжаных 3 ліпеня — гэта дазваляе прыцягваць дадатковую ўвагу да Дня Незалежнасці. Вось як скарацілася колькасць дзяцей.

Гэтыя лічбы нельга механічна перамножыць на колькасць дзён у годзе, але відавочную тэндэнцыю яны паказваюць. І па іх таксама відаць, што нараджальнасць за 10 гадоў скарацілася прыкладна ўдвая.

Цяперашні ўзровень высокі ці нізкі?

Каб вы зразумелі, што значаць гэтыя лічбы: такой нізкай нараджальнасці ў Беларусі не было ніколі за ўвесь час вядзення статыстыкі. Цяпер у Беларусі нараджаюць менш, чым у СССР падчас вайны.

Вядома ж, Другая сусветная прывяла да дэмаграфічнай катастрофы. У 1942-м нараджальнасць у СССР упала да 12 дзяцей на 1000 жыхароў. 1943-м быў зафіксаваны агульнасавецкі мінімум — 8,6 народжаных.

Пасля сканчэння вайны нараджальнасць хутка аднавілася да ўзроўню 25 дзяцей на 1000 жыхароў, а пасля пачала павольна зніжацца. Прычын было шмат — урбанізацыя перамагала сельскі лад жыцця з уласцівымі яму вялікімі сем’ямі, развіццё сістэмы аховы здароўя змяншала дзіцячую смяротнасць, таму не было патрэбы нараджаць «пра запас», увядзенне пенсійнай сістэмы дэманстравала, што можна дажыць да старасці і без дапамогі дзяцей-унукаў. Перад распадам СССР каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі складаў 12—15. Моцнае падзенне нараджальнасці пачалося ў сярэдзіне 2010-х. Мяркуючы па прыведзеных вышэй лічбах, пасля 2020-га падзенне набыло катастрафічны характар.

А што ў іншых краінах?

Зніжэнне нараджальнасці — агульнасусветная тэндэнцыя. Фактычна ва ўсіх грамадствах з пашырэннем адукацыі і ростам дабрабыту жанчыны сталі нараджаць радзей. Рэлігійныя ўстаноўкі не маюць значэння, такая з’ява фіксуецца і ў хрысціянскіх, і ў мусульманскіх краінах.

Найніжэйшы ўзровень нараджальнасці фіксуецца ў Паўднёвай Карэі і Ганконгу (менш за 6), непадалёку і Кітай (6,39), і Японія (6,9). Скарачэнне колькасць дзяцей там супадае з павелічэннем працягласці жыцця, нацыя старэе. Гэта відавочная праблема рэгіёну.

У Расіі індэкс-2023, паводле папярэдніх падлікаў, склаў 8,6 — і гэта стаў год, калі нарадзілася найменшая колькасць расіян.

У Польшчы паказчык трохі вышэйшы — ён складае 9,2.

У Літве ў 2022 годзе каэфіцыент нараджальнасці складаў 7,8 і працягваў зніжацца.

Такім чынам, з даступнай статыстыкі вынікае, што сітуацыя з нараджальнасцю ў Беларусі найгоршая ў нашым рэгіёне.

Можа, у Беларусі не ўсё так дрэнна?

Колькасць народжаных дзяцей — медыцынскі факт, цяжка ўявіць маніпуляцыі з гэтымі дадзенымі. Але для вылічэння каэфіцыенту нараджальнасці мае значэнне не толькі колькасць немаўлятаў, але і агульная колькасць насельніцтва.

І тут важна зразумець, чаму да афіцыйнай статыстыкі могуць быць пытанні. Лічыцца, што па стане 1 студзеня 2023 года колькасць насельніцтва Беларусі складае 9 200 617 чалавек.

Адкуль узялася гэтыя лічба? За аснову былі ўзятыя звесткі з перапісу насельніцтва 2019 года. Тады нібыта налічылі 9 413 446 чалавек. І ўжо ад гэтай лічбы адмінусоўвалі памерлых і да яе дадавалі народжаных і прыезджых. У прынцыпе, правільная методыка, якая прымяняецца і ў іншых краінах.

Бяда Беларусі ў тым, што статыстыка прайграе прапагандзе, таму базавая лічба, найхутчэй, была непраўдзівай. Прадэманструем на прыкладзе Мінска.

Перапіс насельніцтва спачатку праходзіў у інтэрнэце і на стацыянарных участках, а пасля пачаўся абыход кватэр. У сталіцы больш за 1 мільён чалавек пакінулі звесткі пра сябе анлайн. Такім чынам, заставалася перапісаць уручную яшчэ прыблізна 1 мільён чалавек (калі меркаваць, што ў сталіцы жыве 2 мільёны чалавек). Частка з іх сама прыйшла на стацыянарныя ўчасткі, да іншых трэба было завітаць дадому.

І вось за два дні да сканчэння перапісу было афіцыйна абвешчана, што ў Мінску не паспелі перапісаць 400 тысяч чалавек. Але што значыць «не паспелі»? Альбо людзі не пусцілі перапісчыкаў з розных прычын, альбо тыя, каго не знайшлі перапісчыкі, проста не жывуць у Беларусі.

У любым разе апытаць такую колькасць рэспандэнтаў за рэшту часу было фізічна немагчыма. За восем дзён апыталі 600 тысяч мінчукоў (а насамрэч значна меней, бо частка з іх перапісвалася стацыянарна), а за апошнія два дні мусілі дадацца яшчэ 400 тысяч? Гэта нерэальна.

Але гэтыя «недаапытаныя» людзі — у Мінску гэта каля 15% насельніцтва, у астатніх рэгіёнах яшчэ больш — усё адно былі ўключаныя ў статыстыку! Проста каб не псаваць прапагандзе прыгожую карцінку. Агульную інфармацыю пра іх проста скапіявалі з міліцэйскіх баз дадзеных. А гэтыя базы маюць асноўную праблему — грамадзяне, якія з’ехалі з краіны, але не выпісваліся з кватэры, па-ранейшаму фігуруюць як жыхары.

Колькі такіх мёртвых душаў па-ранейшаму вісяць у беларускай статыстыцы, незразумела. 200 тысяч? 500 тысяч? Мільён? Магчыма, у Беларусі ў рэальнасці пражывае ўжо не 9 мільёнаў людзей, а толькі 8? (Нагадаем, што піку насельніцтва Беларусі дасягнула за год да прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, у 1993 годзе. Тады беларусаў было 10,2 мільёна.)

Але ў выніку прапаганда заявіла, што за перыяд ад перапісу да перапісу (за 10 гадоў) колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася ўсяго на 0,4% — нібыта ўсё пад кантролем, змены неістотныя.

Да таго ж эмігранты — і палітычныя, і эканамічныя, — якія з’ехалі з Беларусі пасля 2020 года, таксама па-ранейшаму ўлічваюцца ў агульнай колькасці жыхароў краіны. А іх, па падліках міліцыі, ад 200 да 350 тысяч чалавек.

Чаму гэта важна? Бо працуе просты матэматычны закон: калі лічыць нараджальнасць ад меншай колькасці жыхароў Беларусі (што адпавядае рэчаіснасці), то атрыманы каэфіцыент атрымаецца крыху вышэйшы. Але толькі крыху.

Што будзе ў Беларусі далей?

Апроч сусветных тэндэнцый, у Беларусі ёсць і лакальныя прычыны. Гэта і працяглы эканамічны крызіс — ВУП краіны практычна замёр на адным узроўні з 2014 года, а гэта не дае ўпэўнасці ў заўтрашнім дні, — і вымушаны выезд вялікай колькасці маладога насельніцтва, выкліканы масавымі рэпрэсіямі.

Але ёсць адзін фактар, які можа аказаць пазітыўны ўплыў на нараджальнасць у бліжэйшым часе. Адна з прычын цяперашняга абвалу — рэха канца 1980-х і 1990-х. Надышоў час станавіцца бацькамі тым, хто нарадзіўся менавіта ў той час. А тады быў дэмаграфічны спад, выкліканы наступствамі Чарнобыля і эканамічным крызісам.

Падобная сітуацыя і ў Расіі. Там мяркуюць, што колькасць народжаных будзе штогод скарачацца да 2026 года — а пасля пачне натуральна расці. Бо бацькамі стануць людзі, народжаныя з 2000-х. Іх больш, чым прадстаўнікоў папярэдняга пакалення. Таму нейкі часовы рост нараджальнасці мусіць быць. Найхутчэй, падобная тэндэнцыя зафіксуецца і ў Беларусі.

Праўда, цяжка нават уявіць, як цяперашняя лукашэнкаўская палітыка адаб’ецца на дэмаграфіі ў 2040-я, калі гукнецца ўжо цяперашні спад.

@nashaniva Узровень нараджальнасці ў Беларусі апусціўся ніжэй за ваенныя часы #мінск #минсксейчас #лукашенко #минскновости #беларусьновости #новостибеларуси #нашаніва #минскаяобласть #брест ♬ Conspiracy - Kieran Rogers

Nashaniva.com