Беларусам адмовілі ў ПМЖ у Польшчы з-за тыпу візы. Выглядае, што памылкова, але гэта вялікая праблема

Матывіроўка адмовы дзіўная: бо не было дазволу на працу. Хоць была гуманітарная віза (з ёй дазволу і не трэба). Хутчэй за ўсё, інспектар проста памыліўся, але бюракратычная дрыгва ўжо засмактала беларусаў.

22.01.2024 / 14:07

Фота: zagrandok.ru

Сям’я айцішніка Барыса Краско жыве ў Польшчы ад 2018 года, абое сужэнцы легальна працуюць.

На днях яны атрымалі адмову ў ПМЖ, бо ваявода і ўпраўленне па справах замежнікаў вырашылі, быццам айцішнік не меў права працаваць па гуманітарнай візе. (Чаму яны так вырашылі? Здаецца, проста не прачыталі абнаўлення заканадаўства 2020 года). Цяпер цягам месяца сям’я мусіць пакінуць Польшчу, піша Devby.io са спасылкай на тэлеграм-канал Dzic pic.

Барыс: «Мы маем 30 дзён на падачу апеляцыі і на выезд з краіны адначасова»

— Ад 2018 года мы з жонкай пражываем у Варшаве. Апошнія некалькі гадоў я працаваў у польскіх ІТ-кампаніях — спачатку ў NSS, а затым у Omtech, дзе займаюся стварэннем праграм для GPS-сістэм. Мая жонка займала пасаду спецыялісткі адміністрацыі ў транспартнай кампаніі. 

У 2020-м у нас нарадзілася дачка, і мы часова вярнуліся ў Беларусь для афармлення пашпарта і візы для дзіцяці. На той момант жонка ўжо мела польскі ДНЖ, але я і дзіця — не. Тады я аформіў гуманітарную візу, з якой працаваў у Польшчы ў 2021 і 2022 гадах. Жонка ў гэты час не працавала.

У 2023 годзе жонка падала сябе і дачку на ПМЖ, яны адпавядалі ўсім крытэрам. У пакеце ў тым ліку была мая віза D21 і працоўныя кантракты. Як гэта часта бывае, нам не пісалі і не тэлефанавалі з просьбай данесці нешта яшчэ.

А праз паўгода (за гэты час у нашай справе змянілася некалькі інспектараў) прыйшла адмова, прычына — адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць маё права на працу. Маўляў, мы не далі ім zezwolenia na pracę, і ў іх сістэме таксама няма ніякіх звестак пра тое, што ваявода выдаваў мне такі дазвол. 

Мы падалі апеляцыю на працягу тыдня. У лісце спасылаліся на закон і пастанову аб гуманітарнай візе, прыклалі копію візы, але саміх тэкстаў прававых актаў не прыкладвалі.

  1. Спачатку апеляцыя трапляе назад у першую інстанцыю, якая выдавала рашэнне, і яе разглядае іншы інспектар.
  2. Калі ён не знаходзіць аргументаў для змены рашэння, адпраўляе ўжо ў другую інстанцыю. Гэта ўпраўленне па справах замежнікаў.

Мы памеркавалі, што рашэнне выдала неспрактыкаваная інспектарка, што яны заўважаць сваю памылку і перагледзяць нашу справу без другой інстанцыі, такое часта бывае, але справа пайшла далей.

Сітуацыя зацягнулася, і, нягледзячы на афіцыйныя лісты з галоўнага офіса жонкі, якія заклікаюць разгледзець справу прыярытэтна праз яе ключавую ролю ў кампаніі, рашэнне другой інстанцыі было адмоўным.

1 студзеня маю жонку павысілі да Head of Administration, а 8 студзеня мы атрымалі адказ ад Упраўлення па справах замежнікаў, які пацвярджае правамернасць адмовы ў ПМЖ з патрабаваннем пакінуць Польшчу на працягу месяца. Гэтая памылка можа абярнуцца стратай працы, расстаннем з сям’ёй і перапыненнем амаль шасцігадовага знаходжання ў Польшчы.

На іх думку, гуманітарная віза тыпу D21 не дае дастатковага доступу да рынку працы (насамрэч дае). Гэта адзіная прычына адмовы, і рашэнне канчатковае, яно падлягае абскарджанню толькі ў судзе. Цяпер я такі адзін, але падобная трактоўка закона ў будучыні патэнцыйна можа закрануць многіх.

Хтосьці спытае, а раптам я працаваў па гуманітарнай візе да таго, як гэта дазволілі?

Гэта не так, нелегальным прызналі мой даход за 2022 год, калі закон ужо дазваляў працаваць з D21 без дадатковых дазволаў. Датуль я працаваў па іншай візе.

Жонцы мае дакументы спатрэбіліся таму, што яна была ў дэкрэце і залежала ад майго даходу. Увесь гэты час яна мела ДНЖ.

Цяпер мы знаходзімся ў цяжкай сітуацыі і адчуваем сябе нямоглымі. Няведанне законаў і нежаданне інспектара ўнікаць у дэталі становіцца сур’ёзным выклікам для замежнікаў. Мы маем 30 дзён на абскарджанне ў судзе і адначасова 30 дзён на выезд з краіны.

Нават у выпадку перамогі ў судзе працэс можа заняць два гады, ПМЖ будзе выдадзенае толькі пасля судовага рашэння. Мы атрымаем толькі невялікую кампенсацыю за судовыя выдаткі, каля 500 злотых, але ўсё роўна маем аплаціць значныя сумы адвакату.

Юрыст: «Рашэнне дзяржоргана неправамернае, але сям’ю ўсё роўна чакае доўгі судовы працэс»

Юрыстка і спецыялістка ў міграцыйных пытаннях Дар’я Грышановіч упэўненая, што дзяржорган проста памыліўся, і тым не менш выпраўленне гэтай памылкі будзе каштаваць часу і нерваў. Таму лепш не спадзявацца, што ўжонд будзе самастойна разбірацца ў законах, а самому адразу прыкласці да заявы на ДНЖ/ПМЖ усе магчымыя спасылкі на заканадаўства.

— Гэты выпадак — яскравы прыклад таго, што памылкі ў дзяржорганах здараюцца, — кажа Дар’я Грышановіч. — У маёй кар’еры былі розныя выпадкі: ад згубы дакументаў да банальнага няведання законаў работнікам ужонда. Так што я раіла б усім, хто самастойна вядзе справу: 

  1. Заўсёды мець пацверджанне падачы дакументаў, у тым ліку дадатковых. Потым будзе прасцей даказаць факт падачы дакументаў.
  2. Заўсёды спасылацца на прававыя нормы, прыкладаць тэксты прававых дакументаў, асабліва тых, якія ўвялі нядаўна.

Рашэнне дзяржоргана неправамернае, паколькі як ваявода, так і кіраўнік па справах замежнікаў, не ўзялі пад увагу пастановы міністра развіцця, працы і тэхналогій ад 20 лістапада 2020 года, якая пашырыла пералік падстаў, калі не трэба атрымліваць дазвол на працу. 

Пры напісанні апеляцыі таксама варта пазначаць прававыя палажэнні, якія пацвярджаюць вашу пазіцыю, і прыкладваць усе магчымыя дакументы, бо калі даходзіць да этапу судовага разбору, то адміністрацыйны суд не праводзіць працэдуры даказвання, накіраванай на ўстанаўленне фактаў, а толькі правярае законнасць актаў, выдадзеных адміністрацыйнымі органамі. То-бок суд даследуе тыя матэрыялы, якія ўжо знаходзяцца ў справе.

Тым не менш, калі на этапе судовага разбору ў стараны з’явіліся дадатковыя доказы, іх усё роўна лепш прыкласці — горш не будзе.

У апісанай сітуацыі сям’ю чакае судовы працэс, які можа заняць год і больш. А судовае рашэнне пры правільна напісанай скарзе, якая не змяшчае фармальных недахопаў, будзе выдадзенае на карысць сям'і.

Што рабіць з рашэннем аб дэпартацыі? На жаль, час судовага працэсу не азначае легальнага знаходжання ў Польшчы.

Таму варыянтаў два: альбо падпарадкоўвацца і выязджаць з краіны да выдачы канчатковага рашэння, альбо на свае страх і рызыку заставацца, разумеючы, што любая праверка памежнай службы прывядзе да дэпартацыі.

Але калі па судовай справе выдадуць пазітыўнае рашэнне, то знаходжанне замежніка будзе лічыцца легальным ад моманту выдачы негатыўнага рашэння адміністрацыйным органам. 

Таксама я б раіла спагнаць суму за судовыя выдаткі і адваката. Але тут, як і з астатнімі справамі, прыйдзецца ўсё максімальна выразна выкласці і прыкласці ўсе магчымыя дакументы і НПА.

Чытайце таксама:

Мінскі офіс гіганта тэлемедыцыны цалкам перавезлі ў Варшаву

Чэшскія ўлады больш не будуць патрабаваць апастыль дакументаў у беларусаў. Але не ва ўсіх

Тры візавыя цэнтры знізілі зборы для беларусаў

Nashaniva.com