Наступныя два месяцы будуць крытычна важнымі для Кіева — Белы дом
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн правёў тэлефонную размову з брытанскім прэмʼер-міністрам Рышы Сунакам, у якой была закранутая тэма дапамогі Украіне, піша BBC.
23.01.2024 / 08:35
Джон Кірбі. Фота: Evan Vucci / AP Photo
Паводле прадстаўніка Белага дома Джона Кірбі, суразмоўцы гаварылі пра Украіну і вострую патрэбу ў дадатковым фінансаванні і падтрымцы яе здольнасці абараніць сябе на полі бою.
«Наступныя пару месяцаў будуць крытычна важнымі для Украіны. Калі вы думаеце, што баі спыняцца, таму што снег пайшоў, падумайце яшчэ раз. Расейцы працягваюць абстрэльваць Украіну дронамі і ракетамі, і хоць лінія фронту не пасунулася прыкметна ў які-небудзь бок, працягваюцца актыўныя баявыя дзеянні», — сказаў Джон Кірбі.
«Украінскіх камандзіраў, я лічу, трэба пазбавіць неабходнасці прымаць складаныя рашэнні аб тым, якую зброю ўжыць, якія снарады і ракеты выкарыстоўваць, таму што яны не ведаюць, калі паступіць чарговая партыя. І гэта жудасная сітуацыя, у якой знаходзяцца ўкраінскія вайскоўцы, у адрозненне ад расейскіх, якія не пакутуюць ад такой нявызначанасці, якія звяртаюцца да Паўночнай Карэі па балістычныя ракеты і, дарэчы, працягваюць выкарыстоўваць іх, як і іранскія дроны», — сказаў прадстаўнік Белага дома.
Чытайце таксама:
Заходнія эксперты схіляюцца да думкі, што ўкраінская тактыка «актыўнай абароны» апраўдвае сябе