Беларусы замежжа могуць падтрымаць беларускія ініцыятывы, не патраціўшы сваіх грошай. Як гэта зрабіць
У Польшчы і Літве пражывае больш за 200 тысяч беларусаў. Тыя, хто працуюць афіцыйна, пры падачы падатковай дэкларацыі за мінулы год могуць накіраваць 1,2—1,5% падаходнага падатку на дзейнасць грамадскіх арганізацый. Нічога лішняга вы не патраціце — вы проста маеце права мэтава скіраваць частку ўжо сплачанага вамі падаходнага на тыя ці іншыя грамадскія мэты на ваш выбар. Вось як гэта робіцца.
24.01.2024 / 17:35
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Польшча
У Польшчы грамадскім арганізацыям, якія маюць права на атрыманне ахвяраванняў, фізічныя асобы могуць перавесці 1,5% падаходнага падатку. Зрабіць гэта можна падчас падачы PIT-дэкларацыі.
Даведацца, ці можна пералічыць 1,5% падатку на рахунак абранай вамі арганізацыі, можна па спасылцы. Для гэтага трэба ўвесці NIP (аналаг беларускага УНП) арганізацыі, назву або KRS-нумар (нумар з нацыянальнага судовага рэестра).
Важна, што пры гэтым вы нічога не губляеце, бо гэтыя 1,5% будуць вылічаныя ў любым выпадку. Калі вы самастойна не абярэце арганізацыю, якую хочаце падтрымаць, польская дзяржава вырашыць гэта за вас і пераліча грошы ў арганізацыі, якія палічыць патрэбнымі.
Літва
Падобная сістэма існуе і ў Літве. Галоўнае адрозненне — што замест 1,5% можна пералічыць 1,2%. Пры гэтым можна не абмяжоўвацца адной арганізацыяй, а пералічыць па 0,6% адразу дзвюм. Выбраць можна любую грамадскую арганізацыю, якая мае статус атрымальніка дабрачыннасці.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Зрабіць гэта магчыма падчас падачы гадавой дэкларацыі, калі вы дойдзеце да пункта, на якім вам прапануюць ахвяраваць гэтыя 1,2%. Праверыць, ці можна падтрымаць абраную вамі арганізацыі, можна, увёўшы Imones kodas (аналаг нашага УНП) арганізацыі або назву ў радок пошуку. Калі абраная вамі кампанія мае права на атрыманне ахвяраванняў, яна з'явіцца ў гэтым радку.
Калі вы не выберыце для сабе, якую арганізацыю хочаце падтрымаць, як і ў выпадку з Польшчай, за вас гэта зробіць літоўская дзяржава.
Чытайце таксама:
Што пыталіся ў сваякоў палітвязняў, якіх масава затрымлівалі ўчора? І пры чым тут «Едастаўка»
Алесь Аляхновіч: З 2012 года эканоміка Беларусі вырасла на 5%, а эканоміка Польшчы, Літвы, Латвіі — на 40-45%