Яшчэ адзін беларус склаў галаву за «рускі свет»

Ва ўкраінскіх СМІ распаўсюджваецца інфармацыя пра беларускага грамадзяніна, які, як сцвярджаецца, нядаўна загінуў у баі пад Крынкамі на Херсоншчыне. Выстаўленыя і рэчавыя доказы — дакументы на імя Лазарава Дзяніса Аляксандравіча.

23.01.2024 / 23:21

Дакументы, якія належалі нібыта забітаму беларусу — беларускі пашпарт, вайсковы білет афіцэра запасу Узброеных сіл Беларусі і два чыгуначныя квіткі. Таксама туды ж далучаны пагон старшага лейтэнанта з палявой формы.

Са сканаў дакументаў вынікае, што Дзяніс Лазараў нарадзіўся 25 верасня 1976 года ў Гомелі, але вайсковы білет быў яму выдадзены 27 снежня 2022 года вайсковым камісарыятам Мінскага раёна — трэба думаць, недзе пад Мінскам ён апошнім часам жыў.

Украінскія крыніцы, якія распаўсюджваюць інфармацыю, імкнуцца давесці, што апублікаваныя дакументы сведчаць пра «гібрыдны» ўдзел у вайне супраць Украіны дзейных афіцэраў беларускага войска. Аднак гэта відавочная маніпуляцыя:

вайсковы білет — не дзейнага афіцэра, а афіцэра запасу, а з інфармацыі ў самім білеце вынікае, што Лазараў служыў у беларускім войску вельмі даўно — з 1995 па 2004 год, звольніўшыся ў запас з пасады намесніка камандзіра роты вайсковай часці 61357.

Прыкладзеныя да дакументаў чыгуначныя квіткі — даволі дзіўныя і пакідаюць больш пытанняў, чым адказаў. Яны ўзятыя на даты 9 і 11 студзеня, а маршрут паездкі — Севастопаль — Ульянаўск з перасадкай у Разані. Верагодна, Дзяніс Лазараў, калі квіткі належаць яму, неўзабаве мусіў пакінуць пазіцыі пад Крынкамі і ехаць па нейкіх справах ва Ульянаўск. 

Паводле інфармацыі ўкраінскага журналіста Андрэя Цапліенкі, Лазараў ваяваў у складзе 328-га палка адноўленай 104-й дэсантна-штурмавой дывізіі ў званні старшага лейтэнанта. Расійская 104-я дэсантна-штурмавая дывізія дыслакуецца акурат ва Ульянаўску, таму можна меркаваць, што беларус-найміт збіраўся перабірацца акурат туды. 

Чытайце таксама:

«Усе прызначаныя аб’екты паражоныя» — Мінабароны Расіі пра сённяшнія ўдары па Украіне

«Мяне фактычна паслалі з бомбай на смерць». Трэпава, што ўзарвала ваенкара ў Пецярбургу, выступіла з апошнім словам

У Казахстане байцу, які ваяваў ва Украіне на баку ПВК «Вагнер», далі салідны тэрмін

Nashaniva.com