Мінск увайшоў у топ самых танных для жыцця гарадоў Еўропы
Аналітычны сэрвіс Numbeo уключыў беларускую сталіцу ў спіс самых танных для жыцця гарадоў Еўропы. А самыя дарагія для жыцця — швейцарскія гарады, піша Myfin.by.
26.01.2024 / 19:40
Мінск. Фота з сацсетак
Днямі аналітычная платформа Numbeo абнавіла рэйтынг гарадоў свету па цане жыцця ў іх. Мінск у глабальным спісе апынуўся на 334-й пазіцыі з 362 гарадоў.
Акрамя таго, эксперты назвалі самыя дарагія і танныя для жыцця гарады Еўропы. У абноўленым спісе — 173 пазіцыі.
Расійскі горад Перм і беларуская сталіца ўзначальваюць рэйтынг самых танных гарадоў: індэкс кошту жыцця ў іх аказаўся аднолькавым — 27,9. Працягваюць спіс гарады Украіны і Расіі. У першай дзясятцы, да прыкладу, адзначыліся Львоў (індэкс кошту жыцця — 28, 4), Растоў-на-Доне (28, 6), Уфа (29, 8).
Траплянне Мінска ў спіс самых танных еўрапейскіх гарадоў шмат у чым абумоўлена скарачэннем колькасці аналізаваных населеных пунктаў. У папярэднім даследаванні (лета 2023 года) разглядалася кошт жыцця ў 244 гарадах Еўропы, і Мінск тады апынуўся па-за межамі першай дваццаткі самых танных гарадоў.
Самымі дарагімі гарадамі Еўропы ў 2024 годзе прызнаныя швейцарскія Цюрых (індэкс кошту жыцця — 122,2), Базэль (121,8), Лазана (117,9), Жэнева (109,6), Берн (107,6). У топ-10 таксама ўвайшлі ісландскі Рэйк'явік (89,4), нарвежскія Транхейм (86,3), Берген (85,2) і Ставангер (82,8), брытанскі Лондан (81,9).
Самы высокі індэкс арэнднай платы зафіксаваны ў Лондане, а самая танная арэнда жылля — ва Уфе. Купля прадуктаў харчавання даражэй за ўсё абыдзецца ў Базэлі і Цюрыху. Найменшае значэнне прадуктовага індэкса — у Растове-на-Доне, Самары, Краснадары і Мінску.
Што тычыцца сусветнай дзясяткі самых дарагіх гарадоў, то яна такая:
- Гамільтан (Бермудскія астравы);
- Цюрых (Швейцарыя);
- Базэль (Швейцарыя);
- Лазана (Швейцарыя);
- Сан-Хасэ (ЗША);
- Жэнева (Швейцарыя);
- Сан-Францыска (ЗША);
- Берн (Швейцарыя);
- Вашынгтон (ЗША);
- Нью-Ёрк (ЗША).
Найтаннейшыя ж — тры пакістанскія гарады: Ісламабад, Лахор і Карачы.
Чытайце таксама:
Наваполацк, Баранавічы, Гомель — самыя рэпрэсаваныя гарады Беларусі
Які горад жыхары Беларусі лічаць найлепшым для жыцця? Спойлер: гэта не Мінск