Ракета хусітаў трапіла ў танкер з расійскімі нафтапрадуктамі. Ён загарэўся

Bloomberg называе гэтую атаку на выхадзе з Чырвонага мора на танкер самым маштабным нападам еменскіх хусітаў на нафтаналіўное судна.

27.01.2024 / 08:25

Ілюстрацыйнае фота. Фота: Kaitlin Watt / U.S. Navy via AP

У танкер Marlin Luanda ў Адэнскім заліве трапіла ракета. Еменскі рух хусітаў заявіў, што гэта яны абстралялі судна. Аператар танкера паведаміў, што ў выніку на ім узнік пажар, піша Бі-бі-сі.

Брытанская кампанія-аператар танкера Trafigura паведаміла, што ў выніку трапляння ракеты пачаўся пажар у адным з грузавых адсекаў судна і для яго лакалізацыі было выкарыстана супрацьпажарнае абсталяванне.

Bloomberg называе гэтую атаку на выхадзе з Чырвонага мора на танкер, які перавозіў расійскае паліва, самым маштабным нападам еменскіх хусітаў на нафтаналіўное судна.

Агенцтву Reuters у Trafigura паведамілі, што танкер перавозіў ліграін — нафту, сумесь цяжкіх вуглевадародаў, цяжэйшую за бензін — расійскага паходжання.

Гэты груз быў набыты па цане таннейшай за столь, устаноўленую заходнімі краінамі амаль год таму, адзначыў прадстаўнік аператара.

Столь, адна з формаў санкцый за агрэсію супраць Украіны, мае розныя ўзроўні для розных катэгорый нафты і нафтапрадуктаў, але Расіі ўдаецца экспартаваць значную частку вырабленага па больш высокіх коштах у абыход абмежаванняў.

Танкер Marlin Luanda ходзіць пад сцягам Маршалавых выспаў. Афіцыйныя асобы ЗША паведамілі CBS, што ў яго трапіла супрацькарабельная балістычная ракета.

Паведамленняў аб пацярпелых не паступала, а дапамогу аказваў карабель ВМС ЗША, заявіла Цэнтральнае камандаванне ЗША (CENTCOM).

Прыкладна праз восем гадзін амерыканскія вайскоўцы знішчылі супрацькарабельную ракету хусітаў, якая была нацэленая на Чырвонае мора і была гатовая да запуску, паведаміла таксама камандаванне.

Служба UKMTO, якая арганізуе абмен інфармацыяй паміж брытанскім ваенна-марскім флотам і гандлёвымі судамі ў рэгіёне, удакладніла, што інцыдэнт адбыўся за 60 марскіх міляў на паўднёвы ўсход ад Адэна.

UKMTO папярэдзіла іншыя судны, каб яны ішлі з асцярожнасцю і паведамлялі аб любой падазронай дзейнасці.

Кампанія Trafigura пацвердзіла, што судна пашкоджана і ваенныя караблі накіраваліся да яго для аказання дапамогі.

Вайсковы прадстаўнік хусітаў Яха Сарэя заявіў, што групоўка ўжыла «некалькі адпаведных вайскова-марскіх ракет», а траплянне ў танкер было прамое.

Хусіты, якія дзейнічаюць у саюзе з Іранам і пры яго падтрымцы, сцвярджаюць, што спрабуюць дапамагчы ХАМАС у Газе. Спачатку яны заяўлялі, што нападаюць толькі на судны, якія маюць нейкую сувязь з Ізраілем, хоць такая сувязь прасочвалася далёка не заўсёды.

11 студзеня ЗША і Вялікабрытанія нанеслі першыя ўдары па аб'ектах хусітаў, пасля чаго тыя заявілі, што з гэтага часу будуць атакаваць і суда, звязаныя і з гэтымі краінамі таксама.

Абстрэлы не спыніліся, нягледзячы на некалькі серый наступных удараў па Емене, і многія судны, якія курсуюць паміж Еўропай і Азіяй, пачалі абыходзіць гэты раён і прытрымлівацца больш доўгага шляху вакол Афрыкі, што прыводзіць таксама да большага кошту перавозак.

Чытайце таксама:

ЗША і Брытанія нанеслі ўдар па Емене

ЗША нанеслі яшчэ адзін удар па хусітах у Емене

ЗША і Брытанія нанеслі новыя ўдары па Емене

Nashaniva.com