За кратамі знаходзіцца 17 супрацоўнікаў Белсата — дырэктарка тэлеканала

Дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўска-Гузы назвала лічбу зняволеных журналістаў выдання.

27.01.2024 / 11:05

Фота: Радыё Свабода

«А мы ў «Белсаце» пасля 16 гадоў цяжкай працы толькі што атрымалі падаўжэнне свайго «жыцця» на месяц… І мы рады, што хаця б на месяц», — напісала ў сябе ў фэйсбуку дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Яна адзначыла, што 80% супрацоўнікаў «Белсата» — эмігранты без фінансавай падушкі, а 17 супрацоўнікаў сядзяць у беларускіх турмах. І заклікала польскіх палітыкаў і калегаў-журналістаў не забываць, што «на ўсход ад нас, проста за плотам працягваецца пажар, напад бандытаў ды іншага кшталту непрыемнасці».

12 студзеня новае кіраўніцтва Польскай тэлевізіі (TVP) пазбавіла дырэктарат «Белсата» фінансавых паўнамоцтваў. Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы заявіла аб пагрозе спынення працы цягам месяца.

Тады яна адзначала, што пазбаўленне фінансавых паўнамоцтваў — гэта не звальненне, аднак дэ-факта яна не можа весці гаспадарчую дзейнасць канала Цяпер жа мінімум на месяц гэтае пытанне вырашылася, паведамляе тэлеканал.

Сітуацыя стала вынікам змены кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. Кадравыя перастаноўкі ініцыявала новая ўлада, што прыйшла пасля парламенцкіх выбараў. Быў таксама звольнены менеджмент Польскага радыё і Польскай агенцыі друку.

Ва ўрадзе свае дзеянні тлумачаць неабходнасцю «аднавіць незалежнасць, аб’ектыўнасць і плюралізм у рэалізацыі грамадскай місіі» дзяржаўных медыя. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда назваў кадравыя перастаноўкі незаконнымі.

Цяпер усе гэтыя дзяржаўныя медыя юрыдычна знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі праз тое, што прэзідэнт адхіліў праект бюджэту, які прадугледжваў для рэдакцыяў 3 млрд злотых (у пераліку каля 750 млн даляраў). Такі статус неабходны, каб дзейнасць медыя працягвалася і была магчымасць правесці рэструктурызацыю.

Пра неабходнасць падтрымання «Белсата» казала Святлана Ціханоўская падчас сустрэчаў у Варшаве з кіраўніцтвам МЗС, спікерамі Сейма і Сената Польшчы, а таксама з сябрамі Камітэта замежных справаў Сейма.

Чытайце таксама:

Стваральнікі «Працэсаў» здымаюць новае гумарыстычнае шоу — пра жонак мабілізаваных

У кіраўніцы «Белсата» і яе намеснікаў узніклі праблемы

АНТ даганяе «Белсат» — анансавалі свой першы серыял «Начная змена»

Nashaniva.com