У Еўрасаюзе могуць адмяніць забарону на продаж дызельных і бензінавых аўто з 2035 года
Яшчэ летась у Еўрапарламенце пастанавілі забараніць з 2035 года выпускаць аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання. Прайшоў год, і ў сеціве з'явілася інфармацыя, што найбуйнейшая кансерватыўная палітычная сіла Еўропы, Еўрапейская народная партыя (ЕРР), хоча адмовіцца ад гэтых планаў.
27.01.2024 / 19:31
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images
Дызельным і бензінавым аўто ўключаць зялёнае святло?
Пра жаданне адмовіцца ад раней прынятых мер стала вядома пасля таго, як выданне Politico атрымала доступ да праекта партыйнага маніфеста. Паводле апытання выдання, ЕРР настроеная на перамогу на еўрапейскіх выбарах, якія адбудуцца ў чэрвені бягучага года.
Гаворка ідзе пра тое, што партыя адхіляе палітыку забароны на рухавікі ўнутранага згарання. У выніку перамогі на выбарах пераглядзець гэты закон абяцаюць як мага хутчэй.
Варта адзначыць, што пытанне пра забарону вытворчасці аўто з рухавікамі ўнутранага згарання выклікала шмат спрэчак. Але тым не менш, у рамках праграмы «зялёных», мэта якіх — скарачэнне выкідаў парніковых газаў у ЕС на 55 працэнтаў да 2030 года, закон, які забараняе вытворчасць аўто з традыцыйнымі рухавікамі з 2035 года, быў прыняты.
Чаму некаторыя крытычна ставяцца да татальнага пераходу на электрацягу?
Праціўнікі адмовы ад аўто, якія працуюць на традыцыйных відах паліва, сярод галоўных аргументаў адзначаюць складанасці з развіццём інфраструктуры патрэбнай для падзарадкі аўто. Таксама ў іх ёсць засцярогі, што забарона будзе спрыяць таму, што аўтапарк еўрапейцаў будзе старэць і ЕС можа атрымаць «эфект Гаваны», калі па вуліцах будзе ездзіць усё больш старых аўто.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images
Кіраўнік Toyota — праціўнік татальнай электрыфікацыі аўто
Раней супраць пераходу на электрамабілі шляхам забароны транспарту на традыцыйных відах паліва выказваўся кіраўнік канцэрна Toyota Акіё Таёда. Яшчэ напрыканцы 2020 года ён звярнуў увагу, што прыхільнікі электрамабіляў не ўлічваюць выкіды, якія ўтвараюцца ў выніку генерацыі электраэнергіі, а таксама выдаткі, звязаныя з пераходам на электрамабілі.
Скептыцызм у адносінах да электракараў Акіё Таёда захаваў і цяпер. Днямі падчас лекцыі старшыня праўлення Toyota заявіў, што доля электрамабіляў на рынку дасягне максімум 30%, а астатнюю частку зоймуць гібрыды, аўтамабілі на вадародных паліўных элементах і аўтамабілі, якія працуюць на паліве.
Акіё Таёда заявіў падчас лекцыі пра вытворчую сістэму Toyota, што электрамабілі не варта распрацоўваць на шкоду іншым тэхналогіям, такім як гібрыдныя аўтамабілі і аўтамабілі на вадародным паліве, на якіх засяродзілася яго кампанія.
Чытайце таксама:
Кіраўніца перадвыбарнага штаба Ціханоўскай набыла «Тэслу». У твітары пакупку ацанілі не ўсе
Наколькі зручна карыстацца электракарамі ў Беларусі? Спыталі ў аўтааматараў