Гурт «Бі-2» знаходзіцца ў цэнтры затрымання міграцыйнай паліцыі на Пхукеце
Гурт «Бі-2» упершыню выйшаў на сувязь пасля свайго затрымання ў Тайландзе. Па словах музыкаў, іх канцэрты ў Тайландзе праходзілі афіцыйна і з прыцягненнем мясцовых арганізатараў, але затрымалі іх з-за няправільна аформленых дакументаў.
28.01.2024 / 14:10
Фота: b2band / Twitter
Пасля суда, дзе музыкаў аштрафавалі, і яны на месцы заплацілі штраф, «Бі-2» зноў былі затрыманыя.
Цяпер музыкі чакаюць, калі іх перавядуць у Бангкок, адкуль група будзе дэпартаваная, як паведамлялася ўчора, па месцы выдачы пашпарта.
Сярод артыстаў ёсць грамадзяне РФ, Аўстраліі і Ізраіля. У заяве асобна падкрэсліваецца, што салісты гурта — Лёва і Шура — не зʼяўляюцца грамадзянамі Расіі.
«Мы на сувязі з МЗС Ізраіля, яго прадстаўнікі ў Тайландзе ўдзельнічаюць у вырашэнні сітуацыі. Разам з тым да месца нашага ўтрымання не пусцілі аўстралійскага консула.
Дзякуем нашых прыхільнікам за ўдзел і падтрымку. Не можам спаборнічаць у хуткастрэльнасці з таксічнай машынай прапаганды, але па меры магчымасці будзем інфармаваць пра тое, што адбываецца з намі», — напісалі ўдзельнікі гурта і падзякавалі прыхільнікам за падтрумку.
Групу «Бі-2» затрымалі на Пхукеце пасля іх канцэрту, які прайшоў 24 студзеня.
Паводле канала «МО», паляванне на зорак з антываеннай пазіцыяй у Тайландзе ідзе па замове МЗС Расіі.
«Бі-2» быў створаны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і нязменныя ўдзельнікі — Шура Бі-2 і Лёва Бі-2. У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў, Макс Лакмус, Барыс Ліфшыц і Ян Ніколенка.
У маі мінулага года Мінюст Расіі ўнёс музыканта Ягора Бортніка (Лёва «Бі-2») у рэестр «інагентаў». У Мінюсце тады заявілі, што Бортнік выступаў супраць расійскага ўварвання ва Украіну, негатыўна выказваўся пра Расію, яе грамадзян і органаў дзяржаўнай улады.
Чытайце таксама:
Удзельнікаў «Бі-2» адправілі ў тайландскі аналаг Акрэсціна
Удзельнікаў «Бі-2» затрымалі пасля канцэрта на востраве Пхукет. Гурт выступаў без дазволу
Лёву Бі-2 прызналі ў Расіі замежным агентам
«Пуцінская Расія выклікае толькі агіду і гідлівасць». Лёва Бі-2 заявіў, што не вернецца ў РФ