Пазняк: Беларусы ўнутры краіны маўчаць і чакаюць зручнага моманту, каб паўстаць

Многія беларусы спадзяюцца на дапамогу Захаду ў імкненні да дэмакратычных перамен, але «ніхто за нас нічога не зробіць, калі мы самі не зробім», заявіў 27 студзеня на сустрэчы з суайчыннікамі-эмігрантамі ў Лодзі (Польшча) лідар руху «Вольная Беларусь», былы старшыня Беларускага народнага фронту (БНФ) Зянон Пазняк, паведамляе «Позірк».

29.01.2024 / 09:03

На яго думку, «гэтая псіхалогія, што нам нехта дапаможа, вельмі глыбока ўкаранілася ў Беларусі», але ў заходніх краін «свае інтарэсы». Перамен магчыма дасягнуць толькі тады, калі з’явіцца ўласны «моцны рух».

«Нас у Польшчы 120 тыс. налічылі. Але мы — эміграцыя. Палова ці больш за палову тут проста выжываюць. Вялікіх перспектыў тут няма. Нашыя перспектывы — там, [унутры Беларусі]», — адзначыў палітык.

«Самае галоўнае — гэта людзі, якія засталіся ў Беларусі, — дадаў ён. — Я маю кантакты з такімі людзьмі. Я вам скажу, што вельмі шмат людзей толькі чакаюць зручнага моманту, [каб паўстаць]. Лукашэнку ніхто не падтрымлівае. Ну, як ніхто? 20%, напэўна, падтрымлівае. Улічваючы бюракратыю».

Паводле слоў Пазняка, першае пытанне, якое ён задае людзям, якія прыязджаюць у Польшчу, — «што новага ў Беларусі?»

«Што ў тралейбусе, што на вуліцы? Як паводзяць сябе беларусы? Адказ: маўчаць, — сказаў ён. — Калісьці ў Карамзіна спыталі: як там у Расіі. Ён адказаў: воруют-с. А ў Беларусі — маўчаць. Таму што нельга гаварыць, пасадзяць. Але людзі разумеюць, чакаюць моманту. І гэта добра, гэта развіваецца».

«Сіла — там, — паўтарыў лідар «Вольнай Беларусі». — І наша задача — рабіць так, каб гэты дух мацаваўся».

Пазняк падкрэсліў, што спосабы барацьбы з рэжымам Лукашэнкі ёсць, прычым «канкрэтныя», але іх нельга адкрыта агучваць, бо ўлады змогуць да гэтага падрыхтавацца.

Важным складнікам змагання з дыктатурай ён лічыць полк імя Кастуся Каліноўскага.

«[Ва Украіне] ідзе вайна, і [відавочна, што] без сілы вырашыць праблемы не ўдасца. Можа, гэтая сіла не ўступіць у барацьбу, але важна, каб яна была. Таму наша пазіцыя — мы абапіраемся на полк усімі магчымымі сродкамі. Дапамагаем, збіраем грошы, на пікапы, аўтобусы, дроны і гэтак далей. У гэтым наша вялікая надзея. Без войска, без узброенай сілы тут нічога не зробім», — перакананы палітык.

Nashaniva.com