Кампанія Маска ўпершыню ўжывіла мікрачып у мозг чалавеку

Прадукт называецца «Тэлепатыя», дзякуючы яму можна «проста падумаўшы» кіраваць тэлефонам, камп'ютарам або іншай прыладай.

30.01.2024 / 08:38

Ілан Маск. Фота: Susan Walsh / AP

Першы чалавек атрымаў нейрачып Neuralink, які дазваляе з дапамогай думак выкарыстоўваць гаджэты, паведаміў Ілан Маск у X.

«Учора першы чалавек атрымаў імпланты ад Neuralink і добра аднаўляецца. Першапачатковыя вынікі паказваюць шматабяцальнае выяўленне нейронавых спайкаў», — напісаў ён.

The first human received an implant from @Neuralink yesterday and is recovering well.

Initial results show promising neuron spike detection.

— Elon Musk (@elonmusk) January 29, 2024

Па словах Маска, прадукт называецца «Тэлепатыя», дзякуючы яму можна «проста падумаўшы» кіраваць тэлефонам, камп'ютарам або іншай прыладай.

Праект Neuralink быў запушчаны ў 2016 годзе. Свой прыбор, які здольны перадаваць сігналы мозгу па Bluetooth, яна ўпершыню паказала ў ліпені 2019-га.

Прылада ўяўляе сабой капсулу-прыёмнік, якая будзе мацавацца за вухам, як слыхавы апарат, і ад якой да мозгу будуць ісці ніткападобныя электроды. Усяго ў мозг імплантуюць да 1,5 тысяч электродаў, кожны з якіх у чатыры разы танчэйшы за чалавечы волас.

Адзін працэсар велічынёй 4х4 мм апрацоўвае інфармацыю з 10 тысяч электродаў. Кабель USB-C забяспечыць максімальную прапускную здольнасць для перадачы даных.

Чытайце таксама:

Высветлілася, колькі будзе каштаваць ўстаноўка чыпа Neuralink ад Ілана Маска для звычайных людзей

Устань і ідзі. Кампанія Ілана Маска пачне выпрабаванні мазгавых імплантаў на людзях

Кітай абмяжоўвае экспарт галію і германію. Што гэта за металы і чаму забаронай Кітай бярэ свет за горла? 

Nashaniva.com