Журналістка Захарава пракаментавала дзеянні хакеіста Сушко, які, здаецца, ушчыпнуў яе ніжэй за спіну
У інтэрнэце вялікі рэзананс выклікала інтэрвʼю хакеіста «Сібіры» Максіма Сушко карэспандэнту «Беларусь 5» Крысціне Захаравай. Здаецца, беларускі хакеіст ушчыпнуў тэлежурналістку ніжэй за спіну. Крысціна пракаментавала для sport5.by гэты эпізод.
30.01.2024 / 10:01
«Прыемна даведацца, што так уважліва ўсе глядзяць нашыя флэш-інтэрвʼю. І старанна шукаюць таемныя знакі ў кожным руху», — паспрабавала пажартаваць яна.
Яна патлумачыла, што ўсё было ў жывым эфіры.
«Макс адказаў на фінальнае пытанне і паспяшаўся ўжо сыходзіць у распранальню.
А яшчэ ідзе жывы эфір і я перадаю слова каментатарам! Бакавым зрокам бачу, што ён збіраецца сыходзіць і спрабуе гэта зрабіць за маёй спінай. Зразумела, што гэта будзе некарэктна ў кадры і прытрымала яго! Аператар са сярэдняга плана сышоў на буйны, таму не зусім зразумела, што ж за рухі былі такія», — сказала яна.
Дзяўчына дадала, што з Максімам яны знаёмыя «ледзь не з дзяцінства».
«Дружная з сямʼёй! Таму камунікуем заўсёды па-сяброўску! Так што, ніякай інтрыгі, працоўны момант», — сказала Крысціна Захарава.
Крысціна Захарава зʼяўляецца дачкой трэнера Міхаіла Захарава, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі. А Максім Сушко — сын Сяргея Сушко, генеральнага дырэктара ХК «Дынама-Мінск».