«Сурвіла займае пасаду прэзідэнта на тры гады меней, чым Лукашэнка». Чайчыц гучна сышоў з Рады БНР

Алесь Чайчыц у фэйсбуку напісаў, што пакідае Раду БНР, і патлумачыў прычыны, раскрытыкаваўшы дзейнасць сімвалічнага прадстаўніцтва ў эміграцыі ў апошнія гады.

30.01.2024 / 14:24

Алесь Чайчыц. Фота: Яраслава Іванюка, Польскае радыё

«Пасля дзесяці з паловай гадоў фактычна штодзённай працы, ад цяперашняга часу я больш не ў Радзе БНР. (…) Рада БНР была якасным заняткам, пакуль я пражываў у РФ, дзе беларуская дыяспарная дзейнасць у сярэдзіне 2010-х гадоў фактычна ператварылася ў нуль. Ці вы, дарэчы, ведалі, што большасць публічных заяваў Рады БНР і зваротаў Івонкі Сурвілы за апошнія дзесяць гадоў былі напісаныя ў Маскве? Што ў Маскве былі створаныя і да 2022 года вяліся ўсе сацыяльныя сеткі і сайт Рады? Вось няхай будзе камусь канспіралогія», — напісаў ён у фэйсбуку.

Алесь Чайчыц піша, што пасля эміграцыі і знаёмства з тым, як працуюць паўнавартасныя беларускія і не толькі беларускія грамадскія арганізацыі, яму зрабілася горка ад уласцівых Радзе БНР часоў Івонкі Сурвілы «ўнутранага арганізацыйнага ўбоства, прававога нігілізму, абыякавасці да ўласнага статуту, аўтарытарызму і сутнаснай мёртвасці», пра што ён можа казаць цяпер.

«А што да ўсяго астатняга — незалежна ад людзей, у чыіх яна руках, Рада БНР была і ёсць важная агульнанацыянальная нематэрыяльная гістарычная каштоўнасць, а не тайная секта, не спецслужба і не прыватная лаўка Івонкі Сурвілы і яе сябровак», — зазначае ён.

«Можа, нават кніжку пра Раду БНР напісаць? — саркастычна пытаецца Алесь Чайчыц. — Каб мяне ўзненавідзелі так жа, як яны ненавідзяць Наталлю Гардзіенку і выгнанага з Рады Лявона Юрэвіча за выдатны трохтомнік пра пасляваенную Раду»,

«Свае прэтэнзіі я агучваў шматкроць, і вы ўсе іх бачылі. Яны заўсёды былі вытрыманыя ў парламенцкіх рамках, былі перадусім запрашэннем да размовы і ў іх не было нічога абражальнага. Статус Старшыні Рады БНР як статус публічна абранай асобы ў дэмакратычнай дзяржаве разумее пад сабой магчымасць крытыкі й дэбатаў. Няздольнасць успрымаць і адэкватна рэагаваць на крытыку, на мой асабісты погляд (на які я маю права без таго, каб рабіцца абʼектам рэпрэсій), сведчыць пра неадпаведнасць чалавека — у дадзеным выпадку Івонкі Сурвілы — высокай пасадзе Старшыні Рады БНР.

Івонка Сурвіла альбо аўтар падпісанага ёй ліста ў чарговы раз дазваляе сабе маніпуляванне і вырыванне з кантэксту, кажучы, што я нібыта «пры гэтым спасылаўся на (…) узрост». У сучасным свеце ўзрост, пол, сэксуальная арыентацыя, колер скуры, паходжанне ці іншыя падобныя фактары не могуць служыць крытэрам ацэнкі чалавека і вызначэннем стаўлення да яго.

Праўда, гэта таксама азначае, што яны не могуць даваць імунітэт ад крытыкі і «карт-бланш» на хамства і абразы ў дачыненні да іншых — што я за шмат гадоў проста стаміўся цярпець і без чаго Старшыня не дала рады абысціся нават у сваім учорашнім лісце да мяне з інфармацыяй пра прыпыненне майго сяброўства ў адпаведнасці з параграфам 14 Статута.

Як я падкрэсліваў у сваіх лістах, справа ў нашым выпадку перадусім у тэрміне, які чалавек займае пасаду і які пасля пэўнага моманту перастае быць прыстойным.

Якая розніца паміж Івонкай Сурвілай, якая займае пасаду дваццаць сем гадоў (з 1997 года — НН), і Аляксандрам Лукашэнкам, які займае пасаду трыццаць гадоў? Як бачым, акрамя «манархічнага» тэрміну на сваёй пасадзе, цягам якога статус пачынае ўспрымацца як прыватная ўласнасць, іх прынамсі абʼядноўвае і стаўленне да апазіцыі.

Крытыка да іншых радных цягам гэтых дваццаці сямі гадоў, як я таксама ўжо пісаў, можа быць перадусім у тым, што ніхто — ані з цяперашніх радных, ані з тых, хто ўжо адышоў — не пажадаў узяць на сябе адказнасць і хаця б на адну кадэнцыю змяніць Івонку Сурвілу. Хоць сярод радных былі і ёсць людзі, ніяк не менш дастойныя за яе».

«Лукашэнкаўская прапаганда кажа, што немагчыма знайсці альтэрнатыву Лукашэнку сярод 9,5-мільённай Беларусі. Адначасова з гэтым некаторыя радныя БНР, якія лічаць сябе праціўнікамі Лукашэнкі, у дакладна такіх жа выразах разважаюць пра тое, што Івонцы Сурвіле, нягледзячы на праблемы са здароўем, нібыта не можа быць альтэрнатывы сярод шматтысячнай беларускай дыяспары і што яна, як некаторымі з іх было заяўлена публічна, павінна займаць пасаду да сваёй фізічнай смерці.

Крытыкаў такой пазіцыі гэтыя нібыта дэмакраты і нібыта прыхільнікі ідэалаў 25 сакавіка называюць «інфекцыяй», што ўжо нагадвае ці то сталінскі, ці то гітлераўскі лексікон», — заключае ён.

«Мы бачылі па сёлетняй Сесіі, якая адбылася ў сяброўскай атмасферы, што вочная размова заўсёды лепш, чым узаемнае паліванне брудам па перапісцы. На жаль, бруд па перапісцы Івонцы Сурвіле ды ейнаму атачэнню аказаўся мілейшым», — дадае Алесь Чайчыц.

***

Івонка Сурвіла (нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах) узначальвае Раду БНР з 1997 года. Рада БНР пазіцыянуе сябе як пераемніка гістарычнага ўрада ў выгнанні.

Увосень 2023 года Рада БНР была прызнана ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Генпракуратура завяла некалькі крымінальных спраў.

Nashaniva.com