У самым сэрцы старога Мінска прадаецца старадаўні будынак са знакавым калісьці рэстаранам. Цана проста касмічная
На гандлёвай пляцоўцы «Цэнтр прамысловай ацэнкі» з'явілася цікавая аб'ява: на аўкцыён выстаўлены старадаўні будынак з рэстаранам.
30.01.2024 / 16:17
Лот называецца адміністрацыйныя будынкі з аб'ектамі гандлю і грамадскага харчавання РТУП «Гандлёвы дом «Легпрам». Знаходзяцца яны ў Ракаўскім прадмесці Мінска па адрасе вул. Ракаўская, 18, піша Blizko.by.
Гэты будынак 1872 года пабудовы. Да рэвалюцыі — абутковая фабрыка «Скараход». У міжваенны час — панчошна-шкарпэткавая фабрыка «Чырвоны тэкстыльшчык».
Пасля вайны — Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Пасля пераезду тэхнікума ў 1975 г. — аб'яднанні «Белтэкстыльпрам» і «Белтрыкатажпрам». Не раней 1978 г. — Рэспубліканскі галіновы вылічальны цэнтр Міністэрства лёгкай прамысловасці БССР. Як бачым, прыналежнасць да сферы лёгкай прамысловасці захавалася да гэтага часу.
У цокальным паверсе будынка размяшчаецца рэстаран «Панскі дранік». Раней на гэтым жа месцы больш за дзесяць гадоў працаваў рэстаран «Талака».
Пачатковы кошт лота складае 3.928.172 рубля 44 капейкі. Для ўдзелу неабходна пакінуць задатак у памеры 10% ад стартавай цаны. Крок аўкцыёну складае 196.408 рублёў 63 капейкі.
Акрамя таго, пераможца таргоў павінен будзе аплаціць узнагароджанне арганізатару таргоў — 2% ад цаны продажу лота, а таксама 600 рублёў выдаткаў.
Такім чынам, выніковая цана старадаўняга будынка з рэстаранам складзе мінімум 4.207.673 рубля, або прыкладна 1.321.671 даляр.
Аўкцыён адбудзецца 21 лютага ў 13:00.
Чытайце таксама:
У цэнтры Мінска прапануецца вельмі дзіўная кватэра. Там адзін унітаз проста на кухні, другі — у шафе
З каралеўскай люстрай у санвузле. У Мінску ў звычайным ЖК прадаецца кватэра-палац
У Мінску ў элітным доме прадаецца кватэра на даху. Як у Карлсана, толькі ў разы большая