Колькі зарабляюць лукашэнкаўcкія дэпутаты ў правінцыі? Іх даходам пазайздросцяць многія
Кандыдаты ў дэпутаты Бярэзінскага райсавета першымі апублікавалі свае дэкларацыі аб даходах. Можна даведацца, колькі зарабляла кіраўніцтва раёна: чыноўнікі, аграрнікі, прапагандысты, сельсаветчыкі. Звесткі прыведзеныя за 2022 год.
30.01.2024 / 18:16
Месячны даход ахвотнікаў стаць дэпутатамі значна перавышае сярэдні заробак у Бярэзінскім раёне, які ў той час з'яўляўся найбеднейшым у Мінскай вобласці. У 2022 годзе там налічвалі работнікам у сярэднім па 1292 рублі штомесяц.
Удакладнім, што ў дэкларацыях кандыдатаў у дэпутаты ўказваецца агульны даход. Гэта значыць, што калі чалавек менавіта ў той перыяд прадаў кватэру ці машыну, то лічба можа быць выглядаць анамальна вялікай.
Старшыня райсавету
Сярэднемесячны даход дзейнага старшыні райсавета камуніста Віктара Лашкоўскага складаў 3 600 рублёў ($1375 па тагачасным курсе).
Лашкоўскі ў дэкларацыі пазначыў, што валодае домам у райцэнтры, а таксама мае два аўтамабілі: ВАЗ 2121 і VOLVO V-60.
Чыноўнікі райвыканкаму
Кіраўнік справамі райвыканкама камуніст Міхаіл Бурцаў задэклараваў даход 2900 рублёў на месяц ($1107). У чыноўніка дом у Беразіне, лецішча ў раёне і аўтамабіль HYUNDAI ATOS.
Намесніца старшыні райвыканкама камуністка Вольга Калячка пазначыла штомесячны даход 2451 рубель ($935). Маёмасцю Калячка не валодае.
Даход кіраўніцы ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама камуністкі Алесі Цітовай складаў 2300 рублёў ($878). На яе запісаныя два легкавікі, RENAULT MEGANE SCENIC и MAZDA 323.
Вераніка Джыгера, якая начальствуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, пазначыла, што ў сярэднім атрымлівала 1592 рублі ($608). Даход Джыгеры найменшы сярод чыноўнікаў, якія балатуюцца ў райсавет.
Топ-медыкі
Галоўная доктарка раённай бальніцы, 33-гадовая камуністка Крысціна Крук мела 5800 рублёў на месяц ($2214).
Беспартыйны галоўны доктар раённай санэпідэмстанцыі Вадзім Буйніцкі атрымліваў 2900 рублёў ($1107).
Каб мець такі даход, падначаленым Крук і Буйніцкага трэба працаваць на дзве стаўкі і забыцца, што ў іх ёсць сям’я і дом.
Прапагандыстка і бібліятэкарка
Даход галоўнай рэдактаркі раёнкі «Бярэзінская панарама» Юліі Букель, якую адправіла ў дэпутаты «Белая Русь», складаў 2250 рублёў ($858).
Кіраўніца раённай бібліятэкі камуністка Наталля Маеўская зарабляла па 2880 рублёў (амаль $1100).
Даход Маеўскай яе падначаленыя могуць толькі сасніць. Шараговая бібліятэкарка мае хіба што тысячу рублёў у месяц.
Старшыні сельсаветаў
У райсавет спрабуе прабіцца плойма сельсаветчыкаў з прыкладна аднолькавым даходам. Яны таксама беспартыйныя. Вось найбагайцейшыя з іх.
Старшыня Бярэзінскага сельсавета Аляксандр Балсун зарабляў 2300 рублёў ($879 даляраў).
Старшыня Паплаўскага сельсавету Аляксей Сарнацкі напрацаваў на 2130 рублёў ($813).
Аграрнікі
Найбагацейшыя вылучэнцы ў райсавет — кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў (рэфармаваных калгасаў). У іх развіццё ўкладаюцца вялізныя дзяржаўныя інвестыцыі. Аграрнікі вылучаюцца ў райсавет як беспартыйныя.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства «АграМАЗ» Валерый Цэдрык па бярэзінскіх маштабах мясцовы Ракфелер. Ён зарабляў па 4700 рублёў (амаль $1800).
У дырэктаркі акцыянернага таварыства «Пагосцкі» Наталлі Сокал выходзіла 4130 рублёў на месяц ($1575).
Дырэктар таварыства «Брадзец» Аляксандр Крук зарабляў па 4030 рублёў ($1537).
Глядзіце таксама:
Колькі зарабляюць Васілевіч, Давыдзька, Ананіч, Марзалюк?