«Працаваць на карысць Радзімы». Гомельскі дэпутат не дачакаўся заканчэння паўнамоцтваў і з'ехаў у Расію

Дэпутат Гомельскага гарсавета, дырэктар філіяла «Гомельскія цеплавыя сеткі» РУП «Гомельэнерга» Міхаіл Пачынок з'ехаў з Беларусі. Перад гэтым ён «сышоў у цень» — з пачатку восені прэса пра яго не пісала, заўважыў «Флагшток».

01.02.2024 / 23:01

Міхаіл Пачынок. Фота: адміністрацыя Савецкага раёна Гомеля

Як стала вядома «Флагштоку», у канцы восені 2023 года Пачынок нечакана для падначаленых звольніўся з пасады кіраўніка прадпрыемства «па ўласным жаданні». Ягоная жонка Наталля Пачынок тады ж звольнілася з пасады начальніцы сэрвісна-разліковага цэнтра «Энергазбыту» РУП «Гомельэнерга».

Тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў Пачынка яшчэ не скончыўся — як фармальны прадстаўнік выбаршчыкаў Савецкага раёна Гомеля ён павінен праводзіць прыёмы грамадзян і дапамагаць вырашаць іх праблемы. Але, як удакладніў «Флагшток», свае дэпутацкія абавязкі Пачынок не выконвае.

На званок ад імя выбаршчыка, які хоча запісацца на прыём да дэпутата, у адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля адказалі:

«Міхаіл Міхайлавіч, на жаль, за межамі Рэспублікі Беларусь. Ён пакуль не прымае. Ён, вядома, працягвае заставацца дзейным дэпутатам, але калі камандзіроўка ў чалавека ці іншыя абставіны складваюцца… Пакуль ён у Расійскай Федэрацыі, пакуль прыёму не будзе. Калі прыедзе ў той час, пакуль ён яшчэ будзе дзейным дэпутатам, то прыём правядзе».

Апошняя згадка Міхаіла Пачынка была зафіксаваная ў газеце Гомельскага гарвыканкама 6 верасня. Тады ён з пафасам разважаў пра тое, як «важна быць патрыётамі і працаваць на карысць Радзімы».

Скрыншот сайта газеты «Гомельскія ведамасці»

Брат дэпутата Алег Пачынок з 2016 года жыве ў Расіі. Ён займае пасаду генеральнага дырэктара ЗАТ «УК «Эвалюцыя» (даччыная кампанія расійскай «Транснафты») у Маскве. Перад гэтым ён зрабіў кар'еру чыноўніка ў Гомелі: займаў пасады генеральнага дырэктара Гомельтранснафты «Дружба», намесніка старшыні аблвыканкама, быў кіраўніком Чыгуначнага і Навабеліцкага раёнаў Гомеля. У 2020 годзе, знаходзячыся ў Расіі, у праўладным чаце ён расказваў, як неабходна змагацца з пратэстамі ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Брэсцкая дэпутатка парламента ішла на перавыбары — але раптоўна зняла сваю кандыдатуру

Колькі зарабляюць лукашэнкаўскія дэпутаты ў правінцыі? Іх даходам пазайздросцяць многія

Галасуй не галасуй. Споведзь былых дэпутатаў пра тое, як Лукашэнка прызначаў іх у парламент

Nashaniva.com