Аксана Ючкавіч узятая пад варту па крымінальнай справе. Яе перавялі ў Жодзіна

Аксана — вядомая і паважаная ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі хрысціянская актывістка, журналістка.

03.02.2024 / 14:06

Затрыманая 23 студзеня Аксана Ючкавіч была ўзятая пад варту па крымінальнай справе па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яе змясцілі ў следчую турму №8 у Жодзіне, паведамляе «Хрысціянская візія».

Аксана — вядомая і паважаная ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі хрысціянская актывістка.

Яна нарадзілася 2 лістапада 1989 года ў Параф'янаве, часта наведвала Будслаў з пілігрымкай. Верніца жыла актыўным царкоўным жыццём — у кафедральным саборы Мінска спявала ў хоры «Глорыя», ездзіла ў экуменічную манаскую супольнасць Тэзэ, у студэнцтве ўдзельнічала ў кафедральных маладзёжных сцэнках на чуванні, пасля пераезду ў Заслаўе актыўна ўдзельнічала ў жыцці мясцовай парафіі.

Акрамя гэтага, Аксана была звенавой у арганізацыі каталіцкіх скаўтаў, навучаючы падлеткаў паважліва ставіцца да навакольнага свету. Вучыла яна і семінарыстаў міждыяцэзіяльнай семінарыі, выкладаючы ім падрыхтоўчы курс польскай мовы.

Працавала Аксана і ў каталіцкай журналістыцы — спачатку ў выдавецтве «Pro Christo», потым на афіцыйным агульнанацыянальным каталіцкім партале catholic.by. Яна шмат пісала аб людзях і іх цікавых лёсах. Падчас візіту дзяржсакратара Апостальскай Сталіцы кардынала П'етра Параліна ў Беларусь у 2015 годзе ад імя партала Аксана брала ў яго інтэрв'ю.

Шмат сваіх сіл і энергіі верніца аддавала дапамогі іншым людзям, тым, хто меў патрэбу ў дапамозе. Працавала ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Дабрачыннай місіі добрага самараніна ў Мінску.

Адрас для лістоў і грашовых пераводаў:

Ючкавіч Аксане Станіславаўне
СТ-8, Жодзіна вул. Савецкая 22А, 222163

Чытайце таксама:

Хто той доктар з «Ладэ», якому губазікаўцы пагражаюць крымінальнай справай

«Вярнуўся ў Беларусь, каб выступіць супраць вайны і атрымаў 2 гады калоніі». Гісторыя баранавіцкага інжынера

За відэа ў Аднакласніках затрымалі маці двух дзяцей з Наваполацка

Nashaniva.com