Вярхушка МНС, пракуроры, дэпутаты. Стала вядома, чаму Украіна ўдарыла па пякарні ў Лісічанску

У суботу, 3 лютага, з'явіліся інфармацыя пра абстрэл ўкраінскім бокам акупаванага Лісічанска. Пад удар з РСЗА HIMARS патрапіла пякарня. Загінула 28 чалавек. Цяпер сталі вядомыя падрабязнасці.

06.02.2024 / 01:39

Разбураны будынак рэстарана «Адрыятык». Фота: Новости Донбасса / Telegram

Як напісала расійскі ваенны карэспандэнт Юлія Андрыенка, пякарня знаходзілася ў кафэ. У суботу ў ім святкавалі дзень нараджэння гаспадара пякарні. На ім прысутнічала «вярхушка МНС, пракуроры, дэпутаты мясцовыя».

У выніку абстрэлу загінула 28 чалавек, яшчэ дзесяць было выратавана з-пад завалаў. Па ўдакладненых звестках, пад удар патрапіў будынак рэстарана «Адрыятык».

Па інфармацыі ўкраінскай гарадской адміністрацыі Лісічанска, пякарня ў гэтым месцы стала функцыянаваць ужо пасля акупацыі горада. Там наладзілі выпечку хлеба для расійскіх войскаў. Акрамя гэтага, у рэстаране праводзіліся нарады.

Як пішуць самі расійскія блогеры, удар быў невыпадковым. Наводчык быў адназначна побач.

«Гэтая трагедыя павінна стаць раз і назаўжды напамінам жыхарам прыфрантавых гарадоў, ды і не толькі прыфрантавых. Асабліва тым жыхарам, дэпутатам, службовым асобам, на якіх і так палюе ГУР — не збірацца ў адным неабароненым месцы, палягчаючы ворагу задачу знішчыць усіх адной ракетай», — піша адзін з Z-блогераў.

Лісічанск перайшоў пад кантроль расійскіх войскаў у ліпені 2022 года пасля некалькі месяцаў працяглых баяў. Да вайны ў ім пражывала 110 тысяч чалавек. Цяпер — каля 37 тысяч.

Чытайце яшчэ:

У Валгаградзе гарэў буйны нафтаперапрацоўчы завод. Туды спікіраваў беспілотнік 

Украінскія разведчыкі знішчылі ў Крыме расійскі ракетны катар

Зяленскі назваў колькасць украінскай арміі

Nashaniva.com