Расейская нафтаперапрацоўка падае праз атакі беспілотнікаў. Украінцы нацэліліся на самую даходную галіну РФ

Украіна ўзмацніла атакі беспілотнікамі і нацэлілася на галіну, якая зʼяўляецца ключавой для расійскай казны. У апошнія тыдні ўдары па нафтаперапрацоўчых абʼектах становяцца ўсё больш разбуральнымі, што пагражае здольнасці Расіі пастаўляць паліва на знешні і ўнутраны рынкі, піша Bloomberg.

06.02.2024 / 10:47

Наступствы атакі беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчы завод «Неўскі мазут» у Санкт-Пецярбургу 31 студзеня

Расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы істотна скарацілі перапрацоўку ў студзені з-за нападаў украінскіх БПЛА. У студзені пасля атак дронаў Расея спыніла перапрацоўку на двух буйных НПЗ — заводах «Наватэка» ва Усць-Лузе і «Раснафты» ў Туапсэ. На абодва абʼекты прыпадала амаль 5 працэнтаў сярэднясутачнай выпрацоўкі па краіне. 

Па даных Bloomberg, у студзені перапрацоўка нафты ўпала да мінімуму за два месяцы. На тыдні з 25 па 31 студзеня ў краіне перапрацоўвалася 5,41 млн барэляў у дзень, што на 135 тыс. барэляў менш за сярэдні паказчык у снежні. Сярэдняя ж перапрацоўка за студзень склала 5,48 млн барэляў у дзень, што на 60 тыс. барэляў менш за снежаньскія адзнакі.

З прычыны ўдараў БПЛА па расейскіх НПЗ у студзені экспарт бензіну і дызелю скараціўся на 37 і 23% адпаведна, паведамілі ў Мінэнерга РФ. У міністэрстве гэта назвалі «абʼёмамі, якія выпалі з-за рамонтных работ на заводах».

Напады ўкраінскіх БПЛА на расейскія НПЗ могуць быць новай стратэгіяй вядзення асіметрычнай вайны ва ўмовах тупіку на фронце, мяркуюць аналітыкі.

Чытайце таксама:

У Валгаградзе гарэў буйны нафтаперапрацоўчы завод. Туды спікіраваў беспілотнік 

У расійскім Яраслаўлі прадухілілі атаку дрона на перапрацоўчы завод

Ноччу беспілотнікі атакавалі «Бранскнафтапрадукт». Гараць рэзервуары з палівам

Nashaniva.com