Вайскоўца-кантрактніка судзілі за перайначаны нямецкі герб
Вайскоўца-кантрактніка з вайсковай часці ў Лідзе аштрафавалі ў мясцовым судзе, піша Hrodna.life. Мужчына паставіў на свой аватар у тыктоку выяву перайначанага герба нацысцкай Германіі, і гэта патрактавалі як распаўсюджанне нацысцкай сімволікі.
06.02.2024 / 21:28
Справу разгледзелі 22 студзеня ў судзе Лідскага раёна. Мужчына сваю віну прызнаў. Дадаткова яму яшчэ закінулі распаўсюджванне спасылкі на інтэрнэт-старонку «Салідарнасць.gazetaby» у тыктоку. Змест гэтай старонкі, як і практычна ўсіх іншых незалежных рэсурсаў, прызнаны рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкім».
У выніку паводле ч. 1 арт. 19.10 КаАП «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі» і ч.2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» вайскоўца аштрафавалі на 40 базавых адзінак (1600 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.
Чытайце таксама:
Каго затрымалі падчас аблавы ў Гомелі
Хто тыя хлопец і дзяўчына, якіх затрымалі пасля інтэрв'ю Onliner на пратэстах у 2020-м
Мама Іллі Міронава выехала з Беларусі
За студзень па адміністрацыйных пратаколах затрымалі мінімум 310 чалавек