Знаходкі леташніх археалагічных раскопак на Менцы дадаюць Мінску ўзросту
Паводле папярэдніх вынікаў радыевугляроднага аналізу, Мінск можа аказацца нашмат старэйшым, чым прынята лічыць, піша «Будзьма».
06.02.2024 / 23:15
Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіць даследаванні мінскага замчышча ў вёсцы Гарадзішча. Ужо знойдзена нямала артэфактаў, якія сведчаць пра сапраўды багатую гісторыю нашай сталіцы. Сярод іх, напрыклад, донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава, вытанчаная кафля з васількамі, грабеньчык, якому 1000 гадоў.
Кафля з васількамі, XVII-XVIII стагоддзе
Акрамя таго, што сёлета раскопкі пад кіраўніцтвам археолага Андрэя Вайцяховіча выдаліся надзвычай удалымі, стала вядома, што, відаць, Мінск прынамсі на пару дзясяткаў гадоў старэйшы, чым мы думалі, паведамілі ў інстаграме музея «Стары Менск».
Пакуль папярэдні радыевугляродны аналіз дае разбежку каля 200 гадоў. Згодна яму, драўляная сцяна ў аснове вала датуецца ад 750 да 991 года, а драўляны насціл — паміж 1323 і 1446 гадамі. Гэта значыць, што замак на Менцы і, адпаведна, сам Мінск маглі быць заснаваныя з сярэдзіны VIII да канца X стагоддзя.
Пры вялікай разбежцы, сцвярджаюць археолагі, прынята браць сярэдняе значэнне. Афіцыйна адлік узросту беларускай сталіцы пачынаецца з першай летапіснай згадкі — 1067 года.
Паведамляецца, што наперадзе нас чакаюць вынікі больш дакладнага, дэндрахраналагічнага аналізу, дзе па кольцах на дубовых спілах можна вызначыць дату з дакладнасцю да года.
Чытайце таксама:
Падчас раскопак на месцы старога Менска знайшлі манету, якой 1250 гадоў
Прэм'ер Галоўчанка пра будучы музей на Менцы: Гэта месца павінна стаць візітнай карткай Мінска
Археалагічны комплекс на Менцы абяцаюць зрабіць новым брэндам Беларусі
«Дылема нашых беларускіх археолагаў — адкуль пачынаўся Мінск». Што знайшлі на раскопках каля Менкі?