У праект 13-га пакета санкцый Еўрасаюза трапіла беларускае абароннае прадпрыемства
Як стала вядома «Радыё Свабода» ад крыніцы ў Бруселі, у чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага спісу супраць Расіі, які Еўрасаюз мае прыняць да другой гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага, трапіла беларуская кампанія «Пеленг», якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю.
08.02.2024 / 21:50
Будынак ААТ «Пеленг» у Мінску. Фота: Яндэкс
«Пеленг» — вядучае прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасці оптыка-электроннай прадукцыі вайсковага і цывільнага прызначэння. ААТ «Пеленг» вырабляе і пастаўляе камплектуючыя для вытворчасці расійскай артылерыі і вайсковай тэхнікі (напрыклад, бронетранспарцёраў БТР-82А), якую Узброеныя сілы Расіі выкарыстоўваюць у вайне супраць Украіны.
«Такім чынам, ААТ «Пеленг» матэрыяльна падтрымлівае дзеянні, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, сувэрэнітэту і незалежнасці Украіны», — гаворыцца ў абгрунтаванні санкцый.
Раней ААТ «Пеленг» ужо трапіў пад санкцыі ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны.
У рамках праграмы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі да 2025 году ААТ «Пеленг» і расейскі НДІ «Сигнал» плянуюць стварыць малагабарытны аўтаматызаваны комплекс сродкаў артылерыйскага падраздзялення для расійскай арміі, прыдатны для нашэння або перавозкі.
Таксама ў праекце санкцыйнага спісу апынуўся ўраджэнец Беларусі — Васіль Мікалаевіч Шурпанаў, ураджэнец вёскі Межанін Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, 1957 года нараджэння. Ён генеральны дырэктар ААТ «Ніжагародскі машынабудаўнічы завод». Гэта расійскае вайскова-прамысловае дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца сярод іншага распрацоўкай артылерыйскіх і ракетных сістэм, у тым ліку зенітных ракетных комплексаў С-300, якія знаходзяцца на ўзбраенні расійскага войска.
Агулам у новы санкцыйны спіс ужо трапілі 63 асобы і 55 арганізацый. ЕС лічыць іх «адказнымі за дзеянні для падрыву або пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны».
Спіс збіраюцца дапоўніць на наступным тыдні, а ўвогуле 13-ы пакет санкцый ЕС плануюць прыняць да 24 лютага.
Чытайце таксама:
Еўрасаюз мае намер увесці санкцыі супраць шэрагу беларускіх вайскоўцаў
Еўрасаюз плануе прыняць 13-ты пакет санкцый супраць Расіі да 24 лютага
«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай