Пайшла ў адстаўку прэзідэнтка Венгрыі. Ёй не даравалі памілавання чалавека, замяшанага ў педафіліі
Прэзідэнтка Венгрыі Каталін Новак заявіла па мясцовым тэлебачанні, што ідзе ў адстаўку. Прычынай стала яе рашэнне памілаваць асуджанага за педафілію, што выклікала вялікі грамадскі рэзананс.
10.02.2024 / 19:55
Каталін Новак. Фота: AP Photo/Rafiq Maqbool
46-гадовая Каталін Новак прабыла на прэзідэнцкай пасадзе ў Венгрыі менш за два гады з належных пяці. Яна заступіла на яе 10 мая 2022 года. Новак — паплечніца прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, належыць да кіроўнай у гэтай краіне партыі ФІДЭС.
Раней апазіцыя заклікала Каталін Новак пакінуць пасаду пасля таго, як яна памілавала намесніка дырэктара дзіцячага дома, які дапамагаў хаваць факты сэксуальнага гвалту над дзецьмі ў прытулку.
Прэзідэнта ў Венгрыі абірае парламент, на галасаванні Новак набрала 137 са 193 дэпутацкіх галасоў. Яна была першай жанчынай, якая займала гэту пасаду.
Новага фармальнага кіраўніка краіны (асноўная ўлада ў Венгрыі належыць прэм'ер-міністру) венгерскі парламент мусіць абраць цягам 30 дзён з дня адстаўкі папярэдняга.
Чытайце таксама:
Орбан працягвае гульню. Венгерскі парламент не змог прагаласаваць за далучэнне Швецыі да НАТА
Журналісты даведаліся, хто пераканаў Орбана дапамагчы Украіне