17-гадовага гульца зборнай Украіны па баскетболе зарэзаў нямецкі школьнік — Bild

Ён ужо вядомы паліцыі як злачынец, які здзейсніў некалькі нападаў і рабаванняў.

12.02.2024 / 14:24

Напярэдадні ў Оберхаўзене на захадзе краіны забілі 17-гадовага ўкраінскага баскетбаліста Уладзіміра Ермакова. Ён выступаў за моладзевую зборную Украіны, а з-за вайны перабраўся ў Нямеччыну і гуляў у нямецкім клубе Art Giants Düsseldorf.

Уладзімір Ермакоў

Па даных Bild, каля 20:00 ён вяртаўся дадому з 18-гадовым таварышам па камандзе Арцёмам Казачэнкам. У аўтобусе ў іх завязалася сварка са школьнікамі. Калі спартсмены выйшлі з аўтобуса ля чыгуначнага вакзала, падлеткі напалі на іх з нажамі.

Ад атрыманых ран Ермакоў памёр у бальніцы. Казачэнка цяжка паранены. Злачынства трапіла на камеры відэаназірання. У ноч на панядзелак паліцыя затрымала дваіх падазраваных.

Галоўны з іх — 15-гадовы школьнік нямецка-турэцкага паходжання з Гельзенкірхена. Ён ужо вядомы паліцыі як злачынец, які здзейсніў некалькі нападаў і рабаванняў.

Другі — 14-гадовы школьнік нямецка-грэцкага паходжання з горада Херне, таксама вядомы паліцыі. Першага арыштавалі, другі перададзены апекунам.

Чытайце таксама:

У Нямеччыне забілі 17-гадовага ўкраінскага баскетбаліста

Nashaniva.com