Гомельскага трэш-блогера аб'явілі ў вышук у Расіі і завялі крымінальную справу ў ААЭ

МУС Расіі абвясціла ў вышук Андрэя Бурыма, больш вядомага як блогер Melstroy. Прычынай для гэтага стала ягоная адмова ісці служыць у беларускае войска. За гэта стрымеру можа пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі. Але даўся ў знакі ён ужо не толькі ў Беларусі і Расіі.

13.02.2024 / 18:53

Блогер Mellstroy, які паходзіць з Гомеля, вядомы сваімі трэш-стрымамі. У студзені 2017 года ім зацікавіліся беларускія сілавікі. Па іх звестках, хлопец, якому тады было 18 гадоў, плаціў дзяўчатам за рапрананне перад камерай у Skype, а сам трансляваў гэта на YouTube. Тады на канале блогера было каля 50 тысяч падпісчыкаў.

Невядома, чым скончылася гэтая справа, але пазней Mellstroy перабраўся ў Расію, дзе працягваў ствараць шок-кантэнт для інтэрнэту. У 2020 годзе падчас стрыму ў Маскве блогер некалькі разоў ударыў дзяўчыну Алену Яфрэмаву галавой аб стол. Суд пакараў Бурыма 6 месяцамі папраўчых работ, яшчэ ён мусіў выплаціць дзяўчыне кампенсацыю. Таксама ён выкладаў трансляцыі п’янак і пагулянак з тратамі вялікіх сумаў грошай.

Цяпер стала вядома, як паведамляе тэлеграм-канал Mash, што ў Беларусі на стрымера распачалі крымінальную справу за ўхіленне ад тэрміновай службы. А цяпер маладога чалавека шукаюць і ў Расіі, каб перадаць беларускаму боку. У красавіку мінулага года каналы блогера на розных платформах заблакавалі па рашэнні Раскамнагляду.

Але Бурым таму ў Расіі і ў вышуку, што даўно там не жыве. У тых жа мясцінах, куды ён падаўся, яму таксама не вельмі радыя.

Спачатку Бурым паляцеў жыць у Дубай, але і там асесці ў яго надоўга не атрымалася, паколькі ўступіў у канфлікт з мясцовымі законамі.

Ёсць інфармацыя, што ў Дубаі стрымер публічна абразіў мусульманіна: інцыдэнт адбыўся ў адным з клубаў, дзе Бурым абазваў наведвальніка жывёлай. Відэа з гэтым момантам хлопец апублікаваў у сябе ў сторыс. Пазней абражаны мужчына ўбачыў гэта сторыс і напісаў заяву.

Кажуць, што пацярпелы нават заклікаў свайго крыўдзіцеля папрасіць прабачэння ў сацсетках, але той рабіць гэтага не захацеў і аператыўна рэлакаваўся ў Турцыю. А ў ААЭ на яго завялі крымінальную справу.

Такім чынам, цяпер у выхадца з Гомеля крымінальная справа ў Беларусі за ўхіленне ад службы ў войску, экс-крымінальная справа і вышук у Расіі, а цяпер і крыміналка ў ААЭ. 

Чытайце таксама:

Раздзяванне дзяўчат, п’янкі ў прамым эфіры. Што такое трэш-блогерства ў Беларусі і чаму ўлады не прызнаюць яго экстрэмізмам

Актывісты, журналісты, палітыкі, добраахвотнікі. Каго з беларусаў абвясцілі ў вышук у Расіі

«А як мы яго пра***лі?» Падрабязнасці трэш-стрыму ў Віцебску, у выніку якога памёр чалавек

Nashaniva.com