Колер вачэй уплывае на вашу здольнасць чытаць — вучоныя. Як так?
Вучоныя высветлілі, што людзі з блакітным колерам вачэй здольныя лепш бачыць пры дрэнным асвятленні ў параўнанні з тымі, хто мае карыя вочы.
13.02.2024 / 21:55
Фота: Getty Images
Прыкладна кожны дзясяты чалавек ва ўсім свеце мае блакітныя вочы. А ў некаторых рэгіёнах Еўропы блакітнавокімі з'яўляюцца тры чалавекі з чатырох. Вучоныя даўно задаваліся пытаннем, чаму гэты колер працягвае канкураваць з карым.
Антраполагі з Ліверпульскага ўніверсітэта вырашылі правесці эксперымент з дзвюма групамі людзей. У ім узялі ўдзел 39 чалавек, з якіх 25 мелі колер радужнай абалонкі рознага адцення блакітнага, а 14 — карага. Удзельнікам прапанавалі прайсці 30-секундную праверку зроку пры інтэнсіўнасці святла, якая змяншалася.
Эксперымент паказаў, што людзі з блакітнымі вачыма маглі чытаць коды, якія складаліся з пяці выпадкова згенераваных літар і былі змешчаныя на сцяне на адлегласці ў 3 метры, пры значна меншым асвятленні (каля 0,7 люкс) у параўнанні з каравокімі (0,82 люкс).
Як адзначаюць вучоныя, вынікі іх эксперыменту пацвярджаюць тэорыю аб тым, што страта пігментацыі радужнай абалонкі была прыкметай, абранай прыродай у некаторых папуляцыях для паляпшэння зроку ва ўмовах нізкай асветленасці. У той жа час, як вядома, дэпігментаваная радужная абалонка робіць блакітныя вочы больш уразлівымі да яркага святла.
Колер радужнай абалонцы (таксама, як скуры і валасам) надае меланін. Менавіта яго колькасцю тлумачыцца змена колеру вачэй ад карага да зялёнага. Да нядаўняга часу лічылася, што блакітны колер людзі атрымалі ў выніку мутацыі ў неаліце 10-6 тысяч гадоў таму.
Але новае даследаванне ДНК старажытных людзей паказала, што гэтая мутацыя ўзнікла на Блізкім Усходзе каля 50 тысяч гадоў таму. У Еўропу блакітнавокія, але цемнаскурыя людзі прыбылі каля 42 тысяч гадоў таму.
Чытайце яшчэ:
Блакітны колер вачэй — загадка, адназначнага адказу на якую пакуль няма
Генетыкі: амерыканскія індзейцы прыйшлі з Сібіры
Чаму ў сабак бываюць вочы рознага колеру
Каліфарнійцы прапанавалі аперацыю па змене колеру вачэй на блакітны