Пуцін праз пасярэднікаў прапаноўваў ЗША замарозіць канфлікт пры ўмове, што захопленыя тэрыторыі застануцца Расіі — Reuters

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пасылаў ЗША сігналы аб тым, што гатовы разгледзець пытанне спынення агню ва Украіне, аднак у Вашынгтоне адкінулі іх, не жадаючы весці перамовы ў абыход Кіева. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на тры расійскія крыніцы, знаёмыя з ходам абмеркаванняў.

13.02.2024 / 22:41

Уладзімір Пуцін. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Паводле звестак крыніц агенцтва, Пуцін у 2023 годзе даў зразумець сваю пазіцыю публічна, а таксама перадаў яе ў прыватным парадку праз пасярэднікаў — у тым ліку праз арабскіх партнёраў Масквы на Блізкім Усходзе.

Прэзідэнт Расіі прапаноўваў замарозіць канфлікт пры ўмове, што расійскія войскі застануцца на занятых імі ўкраінскіх тэрыторыях.

Як расказалі суразмоўцы агенцтва, сігналы Пуціна былі перададзеныя ў Вашынгтон і абмяркоўваліся на сустрэчы вышэйшых афіцыйных асоб, уключаючы дарадцу Белага дома па нацыянальнай бяспецы Джэйка Салівана, дырэктара ЦРУ Біла Бёрнса і дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.

У выніку, расказала адна з крыніц Reuters, у студзені 2024 года Саліван патэлефанаваў дарадцу Пуціна Юрыю Ушакову і сказаў яму, што ЗША не будуць абмяркоўваць спыненне агню без удзелу самой Украіны.

Цяпер, адзначаюць суразмоўцы агенцтва, Крэмль не бачыць сэнсу ў далейшых кантактах з ЗША ў гэтым пытанні, таму вайна будзе працягвацца.

Чытайце таксама:

«Мы не можам сабе дазволіць «мясных штурмаў» — Аляксандр Сырскі

Еўропе трэба дзесяць гадоў, каб цалкам падрыхтавацца да абароны — кіраўнік Rheinmetal

Эстонія ўсур'ёз і прадумана рыхтуецца абараняцца ад Расіі

«Звальненне Залужнага азначае новы этап у вайне, Зяленскі рызыкуе памыліцца» — The Economist

Nashaniva.com