У Гомелі пачынаецца суд над грамадзянкай Украіны, якую абвінавачваюць у шпіянажы

У Гомельскім абласным судзе 15 лютага на закрытым пасяджэнні пачнецца суд над грамадзянкай Украіны Наталляй Захаранка і Ларысай Крупа.

15.02.2024 / 10:47

Захаранка абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Украіны паводле арт. 358 КК, а яе знаёмую ў неданясенні аб злачынстве (ч. 2 арт. 406 КК). Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў, піша «Вясна».

Гэтая гісторыя атрымала агалоску яшчэ на пачатку ліпеня мінулага года, калі жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка знікла па дарозе ў беларускі Мазыр, дзе жыве яе сястра. Да пачатку расійскай агрэсіі прадпрымальніца Наталля часта ездзіла ў Гомель гандляваць на мясцовым рынку.

Трывогу забіла дачка жанчыны: нумары і кантакты маці пасля перасячэння польска-беларускай мяжы сталі недасяжныя, а афіцыйныя органы маўчалі.

Як паведамлялі ўкраінскія медыя, Наталля з'яўлялася валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі. Вядома таксама, што Захаранка ездзіла ў Беларусь на ўласным аўтамабілі.

Назад украінка збіралася ехаць 21 ліпеня — і знікла.

Сёння Наталля Захаранка, якой пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, адзначае свой дзень нараджэння.

Чытайце таксама:

«Не быў хамам». За здраду дзяржаве судзяць падпалкоўніка, які «перажываў за Украіну»

Маладую менеджарку EPAM, якая вярнулася з Грузіі, будуць судзіць за «фінансаванне вайны»

Памятаеце ўкраінскую валанцёрку, якая знікла па дарозе ў Мазыр? Праз паўгода знайшлася за кратамі — «шпіянаж»

Nashaniva.com