Буданаў: Украіне лягчэй вярнуць Крым, чым Данецк
Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны нагадаў, што сёння расіяне ўсё яшчэ маюць сухапутны калідор у Крым, але гэта ненадоўга.
16.02.2024 / 14:20
Данецк. Фота: tripadvisor.ru
Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў заявіў, што Украіне будзе цяжэй вярнуць Данбас, чым Крым, бо там ёсць бесперапынная лінія забеспячэння, да якой расійскія акупанты могуць атрымаць доступ з любога боку. Пра гэта генерал-лейтэнант Буданаў паведаміў у інтэрв'ю выданню Liberation, піша Suspilne.
У той жа час Буданаў адзначыў, што «ўсе, хто калісьці валодаў Крымам, гучна і выразна казалі, што паўвостраў — непрыступная крэпасць, і абсалютна ўсе страцілі гэтую крэпасць».
Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны нагадаў, што сёння расіяне ўсё яшчэ маюць сухапутны калідор у Крым.
«Крымскі мост яшчэ стаіць, але жыць яму засталося нядоўга. Неабходна вырашыць дзве стратэгічныя задачы: адрэзаць сухапутны калідор і разбурыць Крымскі мост. Астатняе — толькі пытанне часу. Паўвостраў будзе вернуты. З Данбасам складаней», — падкрэсліў генерал-лейтэнант.
Раней Зяленскі распавёў пра ментальную дэакупацыю.
У лістападзе 2023 года прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў, як пасля вызвалення Данбаса і Крыма Украіна плануе ментальна вяртаць людзей, якія доўгі час пражываюць на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях.
Кіраўнік украінскай дзяржавы адзначыў, што ў гэтым пытанні «сітуацыя з Данецкай і Луганскай абласцямі больш складаная, чым з Крымам, бо пасля акупацыі ў 2014 годзе на Данбасе з'явілася кантактная лінія, дзе ўвесь час адбываліся баявыя дзеянні з удзелам сепаратыстаў, якія ваявалі на баку акупантаў».
«Крым вельмі чакае вяртання, і Данбас чакае. Але будзе надзвычай складана, бо большая частка гэтай тэрыторыі была акупаваная і максімальна мілітарызаваная. Людзі ішлі на кантактную лінію, а затым на поўнамаштабную вайну супраць нас», — дадаў Зяленскі.
Чытайце таксама:
Украінская армія, імаверна, выходзіць з Аўдзееўкі
Расія накіравала ва Украіну значна менш людскіх і матэрыяльных рэсурсаў, чым патэнцыйна магла б
Разведка ЗША лічыць, што Расія на вайне ва Украіне страціла 315 тысяч чалавек