«Сіндром раптоўнай смерці». З'явілася новая версія, ад чаго памёр Навальны
Маці і адвакату Аляксея Навальнага ў калоніі, дзе ён адбываў пакаранне, паведамілі, што палітык нібыта памёр праз «сіндром раптоўнай смерці». Пра гэта напісаў у суботу днём паплечнік палітыка Іван Жданаў.
17.02.2024 / 18:36
Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis
Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Аляксандр Палупан, які лячыў Навальнага пасля ягонага атручвання, у каментары выданню «Агентство» выказаў здагадку, што гаворка ідзе пра раптоўную сардэчную смерць, бо дыягназ «сіндром раптоўнай смерці» ставяць толькі немаўлятам.
Але пры гэтым, па словах Палупана, пры раптоўнай сардэчнай смерці не можа адбывацца тое, што было апісана ў ранейшым паведамленні УФСІН пра выпадак Навальнага. У рэлізе ведамства гаварылася, што Навальны «пасля прагулкі адчуў сябе дрэнна, практычна адразу страціўшы прытомнасць».
На самай справе, як сцвярджае лекар, у выпадку раптоўнай сардэчнай смерці пацыент губляе прытомнасць, не паспеўшы адчуць сябе дрэнна.
«Звычайна гэта адбываецца імгненна. Гэта не пагаршэнне стану. Калі пагаршэнне стану было, то яно доўжылася секунду да таго, як пацыент страціў прытомнасць і ў яго не стала эфектыўнага кровазвароту. Гэта рэзка [адбываецца], з першых прыкмет да страты прытомнасці праходзяць секунды», — сказаў ён.
Дыягназ «раптоўная сардэчная смерць» як адзіны дыягназ звычайна ставяць, калі не выяўлена іншых прычын пры ўскрыцці, сказаў Палупан. І ён вельмі зручны, паколькі пад яго можна падагнаць што заўгодна.
Афіцыйна прычыны смерці Навальнага пакуль не называліся. Практычна адразу Russia Today паведаміла пра адарваны тромб. Аднак Палупан сцвярджае, што такі дыягназ паставіць без ускрыцця нельга.
Чытайце таксама:
Прычына смерці Аляксея Навальнага пакуль не высветлена
Каманда Навальнага заявіла, што яго цела няма ў моргу ў Салехардзе
Затрыманні каля «Сцяны смутку» ў Маскве, куды з раніцы нясуць кветкі ў памяць аб Навальным
У розных гарадах свету адбыліся акцыі памяці Навальнага ФОТЫ