«Саўкі, ватнікі, гопнікі, чырвоныя чалавечкі…» Школьнікам прапануюць падумаць над гэтымі характарыстыкамі савецкага народа

У беларускіх школах ёсць традыцыя праводзіць ідэалагічную Рэспубліканскую гадзіну памяці. У яе рамках вучням 11-х класаў прапануецца напісаць пісьмовы ўрок «Каханне і подзвіг», прысвечаны савецкім героям Другой сусветнай вайны Зінаідзе Тусналобавай і Іосіфу Марчанку. У ранейшыя, больш спакойныя часы пытанні спецыяльнай анкеты, на якія павінны былі адказаць вучні, тычыліся перадусім рамантычных адносін гэтых двух людзей. Цяпер жа да іх таксама дадалі моцна ідэалагізаваныя пытанні агульнага характару.

17.02.2024 / 21:13

У сёлетняй анкеце найбольш звяртае на сябе ўвагу пытанне № 16, у якім школьнікам прапануюць нават не выказаць сваё ўласнае стаўленне да савецкага перыяду гісторыі Беларусі, а даць адлуп яго «ачарніцелям». Сама фармулёўка пытання надта шматслоўная і вельмі празрыста намякае, якім мусіць быць адказ: 

«Ёсць сродкі масавай інфармацыі, ёсць публіцыстычныя артыкулы, літаратурныя творы і кінафільмы, у якіх наўмысна ганьбуюць, лаюць, апашляюць савецкіх людзей, асабліва асоб выдатных, герояў. Саўкі, ватнікі, гопнікі, чырвоныя чалавечкі, няшчасныя, непаўнавартыя — так называюць яны людзей таго часу, у якім жылі нашы дзяды і прадзеды. Аднак, вобразы і жыццё Зінаіды Тусналобавай і Іосіфа Марчанкі і мноства іншых вядомых людзей савецкага часу, справы і здзяйсненні ўсяго народа сведчаць пра тое, што савецкія людзі былі іншыя. Паразважайце пра прычыны негатыўна-варожага стаўлення да савецкіх людзей і да грамадства, у якім яны жылі».

Палачанка Зінаіда Тусналобава-Марчанка (1920-1980) вядомая тым, што падчас вайны, служачы на фронце медсястрой, была цяжка параненая ў баі і, доўга праляжаўшы на марозе, адмарозіла рукі і ногі, якія давялося ампутаваць. Нягледзячы на гэта, яна пасля вайны не толькі ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, але таксама знайшла сваё каханне і нарадзіла дзяцей. 

Рэспубліканскую гадзіну памяці з пісьмовым урокам «Каханне і подзвіг» арганізуе Беларускае таварыства памяці ваяроў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Працу вучням прапануецца выканаць «у форме эсэ ці простага выкладання сваіх меркаванняў, у чым Вам дапамогуць пытанні гэтага задання». 

Чытайце таксама:

Лукашэнка пра падручнік Колі па філасофіі: Які кашмар, што яны напісалі — гэта жах

Лукашэнка паставіў задачу — страсянуць ВНУ

«Не так важная колькасць, як якасць». Прапагандыста трывожыць, што сагнаны на сустрэчы народ не задае пытанняў

Гомельскія ідэолагі выпадкова апублікавалі службовую інструкцыю і прачынілі фортку ў мясцовую прапагандысцкую кухню

Nashaniva.com