«16 тысяч беззваротных страт». Аўдзееўка вачыма расійскіх ваенкараў

Учора, 17 лютага, Украіна вывела свае войскі з Аўдзееўкі, баі за якую працягваліся з мінулага кастрычніка. Вось што пішуць пра сітуацыю на фронце расійскія ваенныя карэспандэнты.

18.02.2024 / 14:07

Google.maps

У тэлеграм-канале расійскага ультра-патрыёта Андрэя Марозава «Нам пішуць з Яніны», які мае больш за 95 тысяч падпісчыкаў, даецца цвярозая ацэнка здабытай перамогі.

Аўтар заяўляе, што ён зараз не смяецца, яму «вельмі х**во». Паводле яго слоў, «Сырскі ўмела выцягнуў з «катла» ў Аўдзееўцы, якую «бралі доўга і з цяжкасцю», нават тую невялікую частку ўкраінскіх войскаў, якія яшчэ можна было там «прышчыкнуць».

У паведамленні прыводзяцца лічбы страт расійскага боку: «Ад Невельскага да Навасёлаўкі 16 тысяч беззваротных страт з нашага боку. І каля 300 адзінак выбітай бронетэхнікі». У той жа час супернік панёс беззваротных страт у 5-7 тысяч».

Пры гэтым, як піша ваенкар, яго больш за ўсё абурае няўмелае камандаванне, у выніку якога

«Піцерскі» 1487-ы полк, які складаецца ў асноўным з мабілізаваных, быў «сточаны» практычна да нуля, да роты кіравання і штаба». Але вайсковая пракуратура не хоча адкрываць справу па заяве байца, тлумачачы, што тыя, каго жадаюць пакараць, «ужо названыя героямі». І такая сітуацыя — «прыкмета будучых новых п***оў».

З Марозавым салідарны і іншы ваенкар — Анатоль Радаў (больш за 13 тысяч падпісчыкаў).

«Што адбылося ў Аўдзееўцы? Пішуць — чаму так хутка… Ды тое ж самае, што ў Лісічанску і Севераданецку — пад чулым кіраўніцтвам Пентагона ў самы апошні момант выслізнулі (сышлі). А нас яшчэ чакаюць апавяданні пра дзясяткі тысяч перамалотых у Аўдзееўцы хахлоў».

З крытыкай паведамлення аб баях за Аўдзееўку выступіў «Рэпарцёр Filatov» (звыш 139 тысяч падпісчыкаў), які сцвярджае, што знаходзіцца «на гэтым участку з лета 22-га года».

«Сябры, аўдзееўская аперацыя пачалася 10 кастрычніка. Ваеннага генія мы, на жаль, не прадэманстравалі. Ёсць асобныя камандзіры (да палкоўніка, хто ўмеюць), а камандаванне ў цэлым… «штурхаць і штурхаць» — калі гэта ваенны геній, то я хз. Пасмяюся, калі пачнецца зорны дождж на кіцелі незаслужаных».

Чытайце яшчэ:

Украінскія войскі пакінулі Аўдзееўку. Якое гэта мае значэнне?

Украіна вывела войскі з Аўдзееўкі

«Нашы вайскоўцы — гэта самае галоўнае, што ў нас ёсць» — Зяленскі пракаментаваў сітуацыю ў Аўдзееўцы

Nashaniva.com