Данія перадала Украіне ўсю артылерыю, якую мела, і заклікае іншых зрабіць тое ж
Прэм'ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксен на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы падакарала сваіх калег, што зброя ў Еўропе ёсць, але перадаваць яе Украіне не спяшаюцца.
18.02.2024 / 21:56
Мэтэ Фрэдэрыксен, як паведамляе газета Jyllands-Posten, падкрэсліла, што ў кароткатэрміновай перспектыве Еўрасаюз павінен даць Украіне тое, што ёй трэба, «а ў доўгатэрміновай перспектыве Украіну варта вітаць у ЕС і абаронным альянсе НАТА».
«Са свайго боку, Данія перадала ўсю сваю артылерыю. Сябры, мне шкада гэта казаць, але ў Еўропе яшчэ ёсць боепрыпасы на складах. Гаворка не ідзе пра вытворчасць, бо зброя ў нас ёсць.
У нас ёсць боепрыпасы і сродкі СПА, якія на гэты момант нам не патрэбныя. Іх нам варта перадаць Украіне», — заявіла прэм'ер-міністарка.
Яна заклікала забяспечыць Украіне пастаўкі зброі да другой гадавіны пачатку ваенных дзеянняў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра боепрыпасы, артылерыю, ракеты далёкага дзеяння, дроны, знішчальнікі F-16.
Падчас выступу на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Узброеныя сілы адступілі з Аўдзееўкі з-за адсутнасці дастатковай дапамогі з боку Захаду і штучнага дэфіцыту боепрыпасаў.
Чытайце таксама: