«Захоўвайце як зрэнку вока, гэта для «Першага». Злівы размоў чыноўнікаў пра вакцыну для Лукашэнкі і статыстыку па каранавірусе

Кіберпартызаны злілі размовы, якія паказваюць, як чыноўнікі падманвалі людзей падчас кавіду, а для Лукашэнкі і яго сям'і былі адпраўлены прышчэпкі ад гэтага вірусу. Расследаванне апублікаваў «Белсат».

19.02.2024 / 07:00

Скрын відэа belsat_news / YouTube

У рукі Кіберпартызанаў трапілі запісы тэлефонных размоваў з красавіка па чэрвень 2021 года. Гэта канец другой хвалі захворванняў, калі панаваў штам «амікрон».

Вакцына для Лукашэнкі

Адна са злітых размоў — паміж начальніцай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінгарвыканкама Наталляй Баярскай і галоўным доктарам Мінскай абласной дзіцячай бальніцы Дзмітрыем Зайцавым.

У размове Баярская кажа, што знайшла пяць доз першага і другога кампанентаў прышчэпкі з тэрмінам прыдатнасці да верасня 2021 года.

«У чацвер Матронкіна з раёна прывязе яе вам. Захоўвайце яе як зрэнку вока. Гэта будзе для «Першага» і ахвотных, можа быць, сямʼі. Але ў панядзелак да вас прыйдзе Румас».

Такім чынам, Лукашэнка, які казаў, што прышчэпіцца толькі беларускай вакцынай, атрымаў расійскую яшчэ ў чэрвені 2021 года, як толькі яна з'явілася, кажуць у расследаванні «Белсат».

Скрын відэа belsat_news / YouTube

Падман з наяўнасцю вакцын

У расследаванні прыводзіцца фрагмент размовы, дзе чыноўнікі дамаўляюцца падманваць людзей. 8 мая 2021 года на «Экспабеле» быў арганізаваны пункт вакцынацыі. З-за перапынку ў пастаўках вакцыны было шмат ахвотных прышчапіцца.

У адной з размоваў Наталля Баярская апісвае сітуацыю, якая была ў гэтым пункце вакцынацыі 10 мая 2021-га:

«Людзі і з Брэста, і з Гродзенскай вобласці, і з Мінскай, з іншых гарадоў. Увогуле стаялі сцяною. Не выпускалі медыкаў у 7 гадзін вечара 10 мая з пункту. Патрабавалі прышчапіць да апошняга. Быў жа перапынак. Ні ў Мінску, нідзе не было вакцыны. Толькі ў нас».

У выніку давялося выклікаць міліцыю, каб супакоіць людзей.

Затым начальства часова закрыла пункт на «Экспабеле». А каб насельніцтва не абуралася, паставілі там работніка. Ён хлусіў людзям пра рэальны стан рэчаў з вакцынацыяй.

Так, у размове з Баярскай галоўны доктар Мінскай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы Гарык Барсамян сцвярджаў:

«Мы там паставім чалавека, які будзе расказваць казкі, што мінскія паліклінікі атрымалі вакцыну, у паліклініках чэргаў няма. Ідзіце туды. Пра тое, што партыя вакцыны скончылася, не гаворым? Так?»

«Ні ў якім выпадку!» — адказала Баярская.

Як падаваць інфармацыю

У 2021 годзе перабоі з вакцынамі былі ў трох кварталах. Чыноўнікі пра гэта маўчалі, і рабілі ўсё, каб схаваць рэальныя лічбы памерлых.

У іншым фрагменце чуваць, як Наталля Баярская ўдакладняе ў намесніцы міністра аховы здароўя Алены Богдан: «Вось чытаю інфармацыю па Дзяржынску. Алена Леанідаўна, а лічбы тыя, пра якія мы не вельмі гаворым, так і захоўваць?»

«Лепш не паказваць», — раіць Богдан.

«Увогуле ў прынцыпе, так?» — удакладняе Баярская.

«Не паказваць. Не паказваць. Агульнымі фразамі, што каранавірусная інфекцыя ўнесла свае карэктывы. Усё», — патрабуе Богдан.

Як рыхтаваліся да візітаў высокіх чыноўнікаў

У фрагменце размовы Наталлі Баярскай з галоўнай доктаркай Крупскай цэнтральнай раённай бальніцы Аленай Клешчанок першая цікавіцца: «У аўторак у вас будзе мерапрыемства з удзелам высокіх службовых асобаў. Скажы мне, калі ласка, палату ты зможаш арганізаваць рэанімацыйную?»

На што Клешчанок адказвае: «На базе чыстай аперацыйнай, таму што ў рэанімацыі ў нас дадатковыя два ложкі».

«Але ты цалкам зможаш яе арганізаваць?» — удакладняе Баярская.

«Ну, мы рабілі ўжо так, як для прэзідэнта ў адпаведнасці з… гэта самае».

«Так. Добра. І там асобны, без кавіду ўваход і ўсё астатняе, так?»

«Усё будзе. І асобны чысты ўваход», — запэўнівае Клешчанок.

Чытайце яшчэ:

У чарзе на прышчэпку ад кавіду ў «Экспабеле» стаіць сто чалавек ФОТА

Пункт вакцынацыі ад кавіду ў «Экспабеле» — усё. Прышчэпкі больш рабіць не будуць

Лукашэнка заявіў, што перахварэў на амікрон. Што ён рабіў апошнія два тыдні і што павінен быў рабіць

Намесніца міністра аховы здароўя адмовілася адказваць на пытанні журналістаў на брыфінгу

Nashaniva.com