19-гадовая настаўніца з Гродна расказала, як зарабляе 1600 рублёў. Не ўсе ёй вераць
«У руках я трымаю свой разліковы ліст за студзень», — з такіх слоў пачынаецца ролік, які нарабіў шуму ў тыктоку. Аўтарка відэа — 19-гадовая дзяўчына, яна скончыла Ваўкавыскі педагагічны каледж і працуе ў гродзенскай гімназіі настаўніцай пачатковых класаў, піша Grodno.in.
19.02.2024 / 23:57
Дзяўчына паведаміла, што за першы месяц 2024 года атрымала 1600 рублёў. І прадэманстравала адпаведны радок разліковага лістка. Свой студзеньскі заробак дзяўчына расклала па палічках:
«Я — класная кіраўніца другога класа, аклад — 460 рублёў. Я не ведаю, колькі ў мяне там гадзін, але пяць разоў на тыдзень — гурток, два факультатывы. У мяне яшчэ тры платныя групы, якія я вяду на працягу тыдня пасля ўрокаў. І ў мяне стымулюючыя ды падтрымныя заняткі».
Акрамя таго, паколькі дзяўчына настаўніца пачатковых класаў, ёй ідзе даплата за класнае кіраўніцтва — гэта 250 рублёў. І надбаўка як маладому спецыялісту — 138 рублёў.
Дзяўчына дала параду гледачам роліка: «Замест таго каб пісаць дрэнныя каментары, схадзіце да начальства і спытайце, як вам павысіць заробак».
У каментарах разгарнулася дыскусія: 1600 — гэта шмат ці мала?
Людзі падзяліліся сваімі даходамі:
«Я як настаўніца англійскай мовы і педагог-арганізатар за гэты месяц атрымала 970 руб., і таксама маладая спецыялістка».
«У мяне больш за 30 гадзін нагрузка, дзве школы, конкурсы, выставы, міжнародныя спаборніцтвы, акцыі — і я не атрымліваю больш за 1000».
А іншы каментатар зрабіў выснову:
«Усё часцей сустракаюся з людзьмі, якія без вышэйшай адукацыі атрымліваюць больш. Ад вышэйшай адукацыі яшчэ ніхто не паразумнеў…».
Чытайце таксама: