Мікіту Жураўля, які спаліў Каран і якога збіў сын Кадырава, папрасілі прысудзіць да трох з паловай гадоў калоніі
Прысуд абвесцяць 27 лютага.
20.02.2024 / 12:18
Мікіта Журавель. Скрыншот відэа
Пракуратура падчас спрэчак у Вісаітаўскім раённым судзе Грознага папрасіла асудзіць Мікіту Жураўля, які абвінавачваецца ў спаленні Карана, да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Прысуд абвесцяць 27 лютага.
Мікіту Жураўля затрымалі ў маі 2023 года па справе аб абразе пачуццяў вернікаў. Следства лічыць, што ён па заданні ўкраінскіх спецслужбаў спаліў Каран на фоне саборнай мячэці ў Валгаградзе, пасля чаго перадаў відэазапіс сваіх дзеянняў супрацоўніку СБУ. Жураўля арыштавалі 22 мая, а праз пяць дзён яго даставілі ў СІЗА ў Грозным.
У сярэдзіне жніўня ўпаўнаважаная па правах чалавека Таццяна Маскалькова распавяла, што Журавель паскардзіўся на тое, што ў СІЗА Грознага яго збіў сын кіраўніка Чачні, 15-гадовы Адам Кадыраў. Пазней Рамзан Кадыраў пацвердзіў гэтую інфармацыю. Ён таксама апублікаваў відэа, на якім яго сын збівае Журавеля.
«Пабіў і правільна зрабіў», — заявіў тады Кадыраў. Ён параўнаў людзей, якія замахваюцца на Святое Пісанне, з «поскудзямі, якія не хочуць, каб у Расіі ўсе жылі бок аб бок у міры і разуменні».
Расійскія сілавікі ніяк не адрэагавалі на збіццё Жураўля. Кадыраў-малодшы пасля гэтага атрымаў шэсць ордэнаў, званне Героя Чачні і пасаду начальніка аддзела бяспекі кіраўніка рэспублікі.
Чытайце таксама:
Кадыраў публічна пашкадаваў, што ягоны сын не забіў чалавека ў СІЗА