Былы палітвязень: Ігар Леднік казаў мне, што хутчэй за ўсё памрэ ў калоніі
Аляксей Галоўкін пэўны час знаходзіўся ў санчастцы ПК-2 разам з Ігарам Леднікам. Ён распавёў «Новаму часу», што турэмшчыкі ўвесь час здзекаваліся з хворага Ледніка, не дазвалялі яму прымаць душ і атаварвацца ў турэмнай краме.
20.02.2024 / 13:36
— Мы сустрэліся з Ігарам у санчастцы. Мяне паклалі туды пасля каранціну, а Ігар ужо быў там, калі мяне прывялі. Мы пасябравалі. Выдатны чалавек, вельмі разумны, цікавы.
Стан яго здароўя ўжо на той момант быў жахлівы. Праз гэта Ігара нават не размяркоўвалі ў атрад. Ігар чакаў і спадзяваўся, што яго вывезуць у горад, у грамадзянскі шпіталь, і там хоць больш-менш падлечаць.
У Ігара была стома, да якой быў замацаваны адмысловы пакет, каб ён мог хадзіць у прыбіральню. Што мяне абурала найбольш — супрацоўнікі калоніі не дазвалялі Ігару прымаць душ, хаця ў санчастцы меўся нармальны душ з гарачай вадой. Яму даводзілася ўвесь час ваяваць з турэмшчыкамі і змагацца за кожны паход у душ, гэта кашмар.
Ігару не дазвалялі атаварвацца. Ён нават прасіў мяне, каб я перадаў начальніку атрада [16-ы атрад ПК-2, дзе ўтрымліваліся людзі з інваліднасцю]), каб ён завёў Ігара ў атаварку, бо ў яго ўжо ўсё скончылася.
Ігар трымаўся вельмі годна, сапраўдны мужык. Разам з тым, ён казаў мне, што хутчэй за ўсё ён памрэ ў калоніі. Казаў, што яго стан здароўя ўвесь час пагаршаецца, і калі яму не акажуць кваліфікаваную, своечасовую медычную дапамогу, да вызвалення ён папросту фізічна не дацягне, — распавёў Аляксей Галоўкін.
Чытайце таксама:
У турме памёр палітвязень Ігар Леднік
Тры гады калоніі Ігару Ледніку прызначыла суддзя Таццяна Шоцік