«Спытайце нарэшце, што яны хочуць за нашых людзей!» Гарбунова заклікала міжнародную супольнасць накіраваць экспертаў у калоніі

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, каментуючы смерць палітвязня Ігара Ледніка, заявіла пра неабходнасць умяшальніцтва міжнароднай супольнасці.

21.02.2024 / 08:38

«Мы б’ем ва ўсе званы! Людзі паміраюць! Пятая нам вядомая смерць.

Чаму вы яшчэ не наведалі турмы рэжыму? Чаму яшчэ не накіравалі ў Беларусь экспертныя камісіі? Ці знойдзецца хтосьці сумленны і смелы, хто возьме трубку і пачне гэтую размову? Спытайце ў іх, нарэшце, што яны хочуць за нашых людзей, за палітзняволеных!» — напісала Вольга Гарбунова.

Яна звяртае ўвагу, што і дактары, і наглядчыкі, і пракуроры, і суддзі дакладна ведалі, што ён праз праблемы з сэрцам меў інваліднасць 2-й групы.

«Яны ведалі, што пасля перанесенай аперацыі на страўнікава-кішачным тракце палітвязень меў стому, да якой быў замацаваны адмысловы пакет. Яны ведалі. Але гэта не перашкодзіла ім спачатку змясціць ва ўмовы зняволення, а пасля і працяглы час утрымліваць у іх 63-гадовага мужчыну з цяжкімі захворваннямі. І за што ўтрымліваць! За нібыта паклёп у дачыненні да Лукашэнкі. Няўжо словы ‒ нават прамоўленыя ‒ могуць каштаваць чалавечага жыцця», — піша Гарбунова.

Яна звяртаецца да ўсіх датычных да зняволення Ледніка, як яна піша, — «турэмшчыкаў» рэжыму:

«Чым для вас быў небяспечны Ігар? Якую пагрозу для грамадства і вашай улады ён уяўляў? За што вы з яго здзекаваліся, не давалі нават нармальна прымаць душ? За што помсцілі? Не ўкладваецца ў галаве…».

Ігар Леднік стаў пятай вядомай ахвярай рэжыму Лукашэнкі ў зняволенні.

Чытайце таксама:

Што вядома пра памерлага палітвязня Ігара Ледніка

«Яны ваююць за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовах». Ціханоўская — пра смерць Ігара Ледніка

Былы палітвязень: Ігар Леднік казаў мне, што хутчэй за ўсё памрэ ў калоніі

Тры гады калоніі Ігару Ледніку прызначыла суддзя Таццяна Шоцік

У турме памёр палітвязень Ігар Леднік

Nashaniva.com