Беларусаў запрашаюць на дабрачынныя экскурсіі, прысвечаныя Змітраку Бядулю
Экскурсіі пройдуць 2 сакавіка і 6 красавіка.
22.02.2024 / 10:38
Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на экскурсію, прысвечаную аднаму са знакамітых гаспадароў музея «Беларуская хатка» (Рабкораўская, 17, раён Інстытута культуры) — класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю.
Разам з сёстрамі Рэняй і Геняй ён пражыў у гэтым доме з 1915 па 1918 гады. Тут у кастрычніку 1916 года Бядуля даў прытулак ужо хвораму Максіму Багдановічу, саступіўшы яму самы вялікі пакой.
Музей прапануе цікавае падарожжа па экспазіцыі дома-музея, названага ў гонар клуба мінскай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», сябрамі якога былі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры.
«Шмат што перажыў і памятае гэты будынак. Мноства даўніх падзей, шчымлівых успамінаў, хвалюючых гісторый гатова паўстаць тут скрозь заслону часу і загучаць для тых, хто хоча слухаць…
Беларуская хатка. Фота: holiday.by
На экскурсіі вы больш даведаецеся пра Змітрака Бядулю як таленавітага пісьменніка, чые творы былі ўзгадаваныя на беларускай глебе, напітаныя фальклорна-міфалагічнымі крыніцамі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі і беларускага народа. Вы адкрыеце для сябе Змітрака Бядулю як актыўнага ўдзельніка літаратурна-грамадскага руху пачатку XX ст. у Мінску», — гаворыцца на старонцы музея.
Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай — заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента класіку.
- Кошт: 20 руб. (гэта будзе ваш унёсак у важную і ганаровую справу).
- Калі: 02/03/2024, 15:00; 06/04/2024, 15:00.
- Дзе: г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19 (філіял «Беларуская хатка»).
- Запіс па тэл. +375 (17) 363 94 65 або праз паведамленні ў сацыяльных сетках.
Чытайце таксама:
Стала вядома, як будзе выглядаць надмагілле Змітрака Бядулі
Змітрака Бядулю перапахавалі ў Мінску пад праваслаўным крыжам і рускамоўнай шыльдачкай ФОТА