Прапагандысты прыдумалі фэйк пра назіральнікаў на выбарах і «Вясну» — і самі ж яго выкрылі
У фільме на БТ Ксенія Лебедзева выклікала беларусаў, якія да гэтага недзе засвяціліся, і спрабавала збіць іх з панталыку несапраўднымі дакументамі, знойдзенымі «ў офісе «Вясны». Праўда, офіс тры гады як закрыты, а людзі ў сюжэце не маюць да арганізацыі ніякага дачынення.
23.02.2024 / 09:23
Скарга на незаконныя дзеянні кандыдата ў дэпутаты, якую прыпісваюць Вользе Бабровай
У відэа Ксенія Лебедзева дэманструе двум былым назіральнікам быццам бы дакументы, якія знайшлі ў офісе праваабарончага цэнтра «Вясна». Гэта скаргі на незаконныя дзеянні дэпутатаў, прытым зробленыя непісьменна — у адной з іх ёсць нават памылка ў звестках дэпутата, на якога пішацца скарга.
У выніку Ксенія Лебедзева без праблемаў выкрывае ўласнаручна створаны фэйк — маўляў, глядзіце, як «Вясна» падстаўляе людзей. Адзін з герояў сюжэта, Дзяніс Сячко, кажа, што некалі звяртаўся ў «Байсол» па дапамогу, бо быў звольнены па палітычных матывах, і быццам перадаў туды ўласныя звесткі.
Ксенія Лебедзева і Дзяніс Сячко, які быццам таксама скардзіўся на парушэнне закона кандыдатамі ў дэпутаты. Скрыншот з відэа БТ
Другая гераіня сюжэту Вольга Баброва — шмадзетная маці, у яе шэсць дзяцей. Яна кажа, што запісвалася назіральніцай у 2020-м, але ў выніку не назірала, але звесткі, маўляў, апынуліся ў «Вясне».
Адметна, што ў абодвух выпадках скаргі тых, каго выдаюць за назіральнікаў, цалкам законныя, бо ў тэкстах напісана, што нейкі з праўладных кандыдатаў парушыў выбарчае заканадаўства. Але нават такую форму актыўнасці прадстаўляюць як крамольную.
Ксенія Лебедзева і шматдзетная Вольга Баброва, якая быццам таксама скардзілася на парушэнне закона кандыдатамі ў дэпутаты. Скрыншот з відэа БТ
Лебедзева цісне на тое, што, маўляў, дакументы знайшлі ў «Вясне», таму адпірацца няма чаго. Але пасля сама ж кажа, што «такія самыя формы для скаргаў на дэпутатаў канфіскавалі ў офісе «Вясны». Героі публікацыі адмаўляюць аўтарства і кажуць, што не супадаюць нават іхнія подпісы ў дакументах.
У «Вясне» расказалі «Нашай Ніве», што офіс арганізацыі быў канчаткова закрыты ў ліпені 2021 года. Тады ж былі арыштаваныя кіраўнікі арганізацыі Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч, канфіскаваная маёмасць. З таго моманту аніякіх дакументаў у офісе «Вясны» знайсці было немагчыма, бо яго не існавала.
Імаверна, што сілавікі забралі бланкі скаргаў падчас ператрусу ў «Вясне» і ўпісалі туды імёны выпадковых ахвяраў са спісаў 2020-га. Фэйк зроблены вельмі непераканаўча — сілавікі нават паленаваліся перанесці туды сапраўдныя подпісы ахвяраў, хоць мелі іх як у сваіх базах, так і ў базах назіральнікаў, кожны з якіх афіцыйна падаваў дакументы ў ЦВК.
Скарга, якую прапагандысты прыпісваюць Дзянісу Сячко. У сюжэце ён кажа, што подпіс на бланку не ягоны.
Чытайце таксама:
Каманда Ціханоўскай крэатыўна раіць, як правесці дзень выбараў