«Ён абсалютны беззаконнік, туды яму і дарога». Былы палітвязень Пятрухін пра смерць турэмшчыка з «Віцьбы»
47-гадовы Аляксей Старавойтаў кіраваў калоніяй да лета 2023 года. У вязніцы турэмшчык адпрацаваў практычна больш за палову жыцця — прыйшоў туды яшчэ ў 1998 годзе кантралёрам. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, днямі ён памёр. Афіцыйнага пацверджання яго смерці няма.
23.02.2024 / 19:24
Аляксей Старавойтаў. Фота: Белпол
Былы палітвязень Сяргей Пятрухін адседзеў у «Віцьбе» 1 год і 4 месяцы. Ён падзяліўся з «Нашай Нівай» сваімі ўспамінамі пра Старавойтава.
Нічога добрага Пятрухін сказаць пра турэмшчыка не можа: «Думаю, што ў калоніі ўзрадуюцца. Яго ніхто там не паважаў. Усіх палітвязняў прэсаваў. Дый тыя, хто сядзеў па крымінальных артыкулах, не казалі пра яго ніводнага добрага слова. Абсалютны беззаконнік. Туды яму і дарога».
Па інтэрнэце гуляюць чуткі пра суіцыд Старавойтава. Пятрухін кажа, што супраць некаторых супрацоўнікаў адміністрацыі калоніі былі распачатыя крымінальныя справы. Урэшце маглі дайсці і да начальства.
Пятрухін узгадвае, што ўвесь час яго знаходжання ў «Віцьбе» на тэрыторыі калоніі штосьці рамантавалі. Матэрыялы прывозілі цывільныя машыны. Турэмшчыкі афармлялі выкананне работ на спецыялістаў з волі, але напраўду рабілася ўсё рукамі зняволеных, з якімі абыходзілі як з рабамі. Іх маглі адправіць на любы аб’ект. Ім нічога не плацілі, акрамя бонуснага тэлефанавання родным.
У пацверджанне сваёй версіі былы палітвязень спасылаецца на меркаванні сваіх суседзяў, якія на волі былі чыноўнікамі і міліцыянтамі. Яны настойвалі, што зняволеных нельга выкарыстоўваць у такіх мэтах.
Начальнік калоніі запомніўся Пятрухіну яшчэ і тым, што адзіны ў калоніі быў незадаволены яго беларускамоўнасцю.
«Казаў: «Што ты тут пішаш мне на беларускай мове». Заяўляў, што чытаць гэтага нават не будзе. Патрабаваў гаварыць з ім па-руску. Я яму адказаў, што ў тоне загаду не буду пераходзіць на рускую. Дадаваў, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Калі прыязна папросіце, то перайду», — згадвае Сяргей.
***
«Віцьба» да жніўня 2020 года лічылася адной з найлепшых у Беларусі, там адбывалі тэрмін асуджаныя былыя чыноўнікі, бізнэсоўцы, суддзі і работнікі міліцыі. Потым яе, як і іншыя вязніцы, ператварылі ў катавальні для палітвязняў. Кабінет начальніка калоніі знаходзіўся на КПП-1, адкуль ён сачыў за тым, што адбываецца ў вязніцы. Ён падпісваў паперы аб пакаранні палітвязняў.
У маі 2023 года ў «Віцьбе» памёр палітвязень Мікалай Клімовіч, які меў другую групу інваліднасці па захворванні сэрца. У студзені таго ж году ў калоніі ад запалення лёгкіх памёр палітзняволены Вадзім Храсько.
Глядзіце таксама:
Праклён беларускіх сілавікоў. Як паміраюць людзі ў пагонах пасля 2020 года — даныя «Кіберпартызанаў»
У наваполацкай калоніі прыбралі ўсе кніжкі на беларускай мове