Прэм'ер Славакіі заявіў, што вайна ва Украіне пачалася «з разгулу ўкраінскіх неанацыстаў»
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца заявіў у відэа на фэйсбуку, што вайна Расіі супраць Украіны ў 2014 годзе пачалася з «разгулу ўкраінскіх неанацыстаў».
24.02.2024 / 23:25
Скрыншот з відэа
Славацкі прэм'ер акрэсліў магчымае сяброўства Украіны ў НАТА як добрую аснову «да пачатку трэцяй сусветнай вайны».
Праўда, у той жа час ён не адмаўляе, што ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну з'яўляецца парушэннем міжнароднага права.
Урад пад кіраўніцтвам левага папуліста Роберта Фіца быў сфармаваны ў Славакіі восенню мінулага года, калі кааліцыя на чале з ягонай партыяй атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах у Славакіі. З таго часу Фіца і іншыя славацкія палітыкі зрабілі ўжо нямала заяў, у якіх выступілі за наладжванне адносін з пуцінскай Расіяй і лукашэнкаўскай Беларуссю і абмежаванне дапамогі Украіне. Хоць сам Фіца ў гэтым не заўсёды паслядоўны.
Так, у канцы студзеня, сустракаючыся ў Ужгарадзе са сваім украінскім калегам Дзянісам Шмыгалем, Фіца запэўніў: славацкі ўрад не будзе перашкаджаць славацкім кампаніям ажыццяўляць пастаўкі зброі ва Украіну ў рамках заключаных кантрактаў і дапамагаць умацоўваць яе абарону.
Таксама Фіца тады паабяцаў падтрымаць заяўку Украіны на сяброўства ў ЕС і наданне макрафінансавай дапамогі Кіеву з боку Брусэля.
Чытайце таксама:
У Славакіі прапанавалі аднавіць сяброўства з Беларуссю
Лукашэнкаўская Беларусь назбірала кампліментаў ад славацкіх прарасійскіх палітыкаў
Прыязны да Расіі прэм'ер Славакіі нечакана стаў на бок Украіны
Славакія аднавіла супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы культуры
Новы ўрад Славакіі адмовіўся дапамагаць Украіне
Прэм'ер Славакіі назваў Украіну «найбольш карумпаванай у свеце»