Арцыбіскупа Кандрусевіча выпісалі са шпіталя. Ён падзякаваў дактарам, а таксама ўсім, хто за яго маліўся
Выйшаўшы са шпіталя, арцыбіскуп Кандрусевіч падзяліўся сваімі думкамі.
28.02.2024 / 08:35
Фота: catholic.by
27 лютага арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч быў выпісаны са шпіталя, дзе правёў два тыдні.
У гэты час з заклікам да малітвы аб здароўі для свайго папярэдніка неаднаразова звяртаўся да вернікаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Выйшаўшы са шпіталя, арцыбіскуп Кандрусевіч падзяліўся з Catholic.by сваімі думкамі.
«Мы перажывам Вялікі пост — час ласкі і навяртання, а таксама час, калі сваімі цярпеннямі дапаўняем недахоп у нашых целах пакутаў Хрыста (пар. Клс 1, 24).Так ужо сталася, што практычна напярэдані Вялікага посту, 12 лютага, я трапіў у шпіталь з дыягназам мігацельная арытмія сэрца і праходзіў курс лячэння да 27 лютага.
Сёння хачу выказаць сваю ўдзячнасць усім, хто мяне лячыў і маліўся аб маім здароў’і.
Перадусім лекарам Першага клінічнага шпіталя ў Мінску, якія паспяхова прывялі ў норму рытм сэрца. Дзякую майму наступніку на Мінска-Магілёўскай катэдры арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, які заклікаў да малітвы. Дзякую беларускім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і свецкім, якія падтрымлівалі мяне падчас гэтага выпрабавання і маліліся ў інтэнцыі майго выздараўлення. Са словамі ўдзячнасці звяртаюся да расійскіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асабаў і вернікаў, якія таксама праявілі салідарнасць са мной і падтрымлівалі сваёй малітвай.
Няхай добры Бог аддзячыць усім вам за вашае добрае сэрца, лекарскі прафесіяналізм і малітоўную дапамогу!
У інтэнцыі ўсіх вас у наступную нядзелю, 3 сакавіка, у мінскай катэдры я а першай гадзіне буду цэлебраваць святую Імшу, просячы патрэбныя Божыя ласкі на плённае перажыванне Вялікага посту»,— сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, запрасіўшы ўсіх ахвотных да супольнай малітвы, у тым ліку з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by.
Чытайце таксама:
Шпіталізавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
Ва ўзросце 61 года памёр ксёндз Ян Гавэцкі
У Навагрудскім касцёле блаславілі мемарыяльную шыльду ў памяць мясцовай манашкі-стыгматкі