ФБК: Залы для развітання з Навальным 1 сакавіка не будзе, бо ўсе пляцоўкі адмаўляюцца заключаць дамову
Спачатку хацелі пахаваць 29 лютага, але на гэты дзень не аказалася ніводнага чалавека, хто б выкапаў магілу.
28.02.2024 / 13:59
Фота: Contributor / Getty Images
Дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Іван Жданаў расказаў, што залы для развітання з Аляксеем не будзе, бо не знайшлося ніводнай пляцоўкі, якая заключыла б дамову са сваякамі, піша «Настоящее время».
«Заключэння дамовы на залу не адбылося. І як і ў Салехардзе, зноў вылучылі ўмову «ціхае сямейнае пахаванне з развітаннем на Хаванскіх могілках». Адзін у адзін, як шантажавалі маму, калі не выдавалі цела Аляксея. Прапанову з Хаванскім крэматорыем прынёс асабіста Аляксей Аляксеевіч. Венедыктаў. Ну каб вы дакладна разумелі, хто ў Крамля і Сабяніна на пасылках. Увогуле, залы не будзе. Сволачы. Дату не даюць. Залу не даюць. Усё роўна ўсе развітаюцца з Аляксеем», — напісаў Жданаў.
Ён зазначыў, што першапачаткова каманда палітыка планавала правесці пахаванне і развітанне з Навальным 29 лютага, але «хутка высветлілася, што да 29 лютага няма ніводнага чалавека, хто мог бы выкапаць магілу». «Рэальная прычына зразумелая. У Крамлі разумеюць, што Пуцін са сваім пасланнем нахрэн нікому не будзе патрэбны ў дзень развітання з Аляксеем», — выказаўся Жданаў.
Раней сёння прэс-сакратар Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш паведаміла, што пахаванне палітыка пройдзе на Барысаўскіх могілках 1 сакавіка.
Чытайце таксама:
Аляксея Навальнага пахаваюць 1 сакавіка
Навальны ведаў пра падрыхтоўку абмену і даў згоду на яго — Reuters
Паліцыя ў Маскве прыходзіць дадому да ўдзельнікаў акцый памяці Навальнага і затрымлівае іх
«Гулагу нет» заяўляе, што мае звесткі пра катаванні Навальнага перад смерцю