Падатковая анансавала праблемы для беларускіх блогераў
Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах паабяцала ўзяць «на асобны кантроль» беларускіх блогераў. Ва Упраўленні аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі МПЗ па Мінску прызналі што да 2024 года яны не вылучалі блогераў, бізнэс-трэнераў, бізнэсоўцаў у сферы майнінгу і абарачэння крыптавалют у якасці «асобных кірункаў для кантролю», але паабяцалі гэтую практыку змяніць.
28.02.2024 / 16:19
Па словах інспекцыі па падатках і зборах, выпадкі, калі блогеры нібыта хаваюць свае рэальныя даходы, пачасціліся. МПЗ заклікала перастаць рабіць «дзіцячыя памылкі, якія дорага абыходзяцца» і запрасіла блогераў і іншых работнікаў анлайн-сферы наведаць іх прэс-канферэнцыю «Асаблівасці дэкларавання даходаў фізічных асоб у 2024 годзе», якая пройдзе ў прэс-цэнтры Дома прэсы 29 лютага і будзе транслявацца анлайн.
«У тэму майнінгу і абарачэння крыптавалют падатковыя органы ўжо ўніклі і паспяхова выяўляюць парушальнікаў, а вось у іншых, на першы погляд бяскрыўдных, анлайн-сферах мы пакуль не спяшаемся, а грунтоўна вывучаем усе аспекты і спадарожныя рызыкі», — паведаміў телеграм-канал Упраўлення аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі МПЗ па Мінску.
У ведамстве лічаць, што нібыта высокая рэнтабельнасць і ананімнасць бізнэсу ў анлайн-сферы спалучаная з рызыкамі як для кліентаў і даходаў бюджэту, так і для саміх уладальнікаў анлайн-бізнесу, і прывялі некалькі наглядных прыкладаў.
«Адзін блогер, зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, проста «забыўся пра свае даходы ў РФ», у выніку чаго яму давялося даплаціць каля 200 000 рублёў падатку. Іншы блогер, які ажыццяўляе сваю дзейнасць у якасці фізічнай асобы, «забыўся» падаць дэкларацыю аб даходах, і гэта каштавала яму 53 000 рублёў падатку і пені.
Добра яшчэ тое, што нашы калегі працавалі з імі ў «лайтавым рэжыме», накіраваўшы апавяшчэнні з прапановай аб добраахвотным выкананні падатковага абавязацельства ў парадку артыкула 73 Падатковага кодэкса РБ», — расказалі ў ведамстве.
Інспекцыя паабяцала, што не пашкадуе «ўвагі, часу і кампетэнцый» для тых, хто лічыць выплату падаткаў «анахранізмам».
Чытайце таксама:
Баялася размеркавання: мазырская блогерка з 2,6 мільёна падпісчыкаў кінула ўніверсітэт