Рэзка падаражэлі квіткі на аўтобусы з Мінска ў Варшаву і Вільню. Што адбылося?

З сакавіка некаторыя перавозчыкі падымаюць цэны на квіткі з Мінска ў Варшаву і Вільню. Прытым падымаюць значна. Напрыклад, калі раней да сталіцы Польшчы можна было дабрацца за 130 рублёў, то цяпер квіток можа каштаваць і 200 рублёў. Office Life паспрабаваў разабрацца, што стала прычынай падаражэння.

29.02.2024 / 18:39

На аўтавакзале ў Вільні. Фота ілюстрацыйнае

Колькі цяпер каштуюць квіткі?

У перавозчыкаў цэны на квіткі да Варшавы і Вільні адрозніваюцца. Пры гэтым, як растлумачылі ў кол-цэнтрах кампаній, цэны з сакавіка сапраўды павысілі.

Самы танны квіток у сакавіку з Мінска да Вільні, які ўдалося знайсці, каштаваў 80 рублёў. Самы дарагі — 140 рублёў.

Напрыклад, «Мінсктранс» на 5 сакавіка прапануе квіткі да Вільні за 125 рублёў. Раней дабрацца да сталіцы Літвы можна было на 25 рублёў танней. У «Інтэркарса» кошт квіткоў на гэтую ж дату па такім жа маршруце стартуе ад 95 рублёў, максімальная цана — 125 рублёў. У «Экалайнса» такі ж варыянт абыйдзецца ў 140 рублёў.

Квіткі да Варшавы таксама падаражэлі: той жа «Экалайнс» прапануе паездку ў сакавіку за 200 рублёў (у канцы лютага квіток каштаваў 130 рублёў, а калі купляць за некалькі дзён да адпраўлення, то можна было знайсці варыянты і за 90 рублёў). «Інтэркарс» просіць 130-140 рублёў (у канцы лютага было 105 рублёў).

У замежных перавозчыкаў цэны яшчэ вышэйшыя. Напрыклад, Eurolines прапануе трансфер з Мінска ў Вільню за 36-41 еўра (122-139 рублёў). Зрэшты, на 5 сакавіка можна знайсці білет і за 115 рублёў.

Паездка ў Варшаву з перасадкай магчымая за 60 еўра (204 рублі).

Чаму цэны выраслі?

Прычыны росту цэнаў, якія называюць перавозчыкі, — закрыццё з 1 сакавіка яшчэ двух памежных пераходаў на мяжы з Літвой і скарачэнне колькасці рэгулярных рэйсаў.

Да гэтых падзей айчынныя перавозчыкі маглі забяспечыць больш прывабныя цэны на квіткі за кошт добрага абароту. Цяпер сітуацыя іншая.

Пры гэтым літоўскі бок анансаваў, што скароціць колькасць дазволаў на рэгулярныя рэйсы для беларускіх і літоўскіх перавозчыкаў да 29. У нерэгулярнага транспарту таксама павінен быць дазвол на перавозку.

Яшчэ адна прычына падаражэння квіткоў — жаданне зраўнаваць цэны з прапановай замежных перавозчыкаў.

«Калі хтосьці ўжо павысіў цэны, то і іншыя ідуць за іх прыкладам», — рэзюмавалі ў адной з кампаній.

Чытайце таксама:

«Гэта будзе доўга і пакутліва». Як беларусы каментуюць закрыццё Літвой яшчэ двух пераходаў з Беларуссю

МЗС Беларусі заявіла, што рэзка адрэагуе на дзеянні Вільні па закрыцці памежных пунктаў

Памежныя пункты Катлоўка і Прывалка на мяжы з Літвой закрываюцца з сакавіка

Nashaniva.com